Генэрал-маёр Уладзімер Белы прызначаны начальнікам галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі Ўзброеных сіл.
З сакавіка 2023 году Белы займаў пасаду камандуючага войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня, гаворыцца ў паведамленьні Мінабароны. Да гэтага служыў начальнікам факультэту Генэральнага штабу Ўзброеных сіл — намесьнікам начальніка Вайсковай акадэміі Беларусі. Яшчэ раней служыў у Сілах спэцыяльных апэрацый: быў намесьнікам камандуючага, начальнікам штабу — першым намесьнікам камандуючага.
Раней пасаду начальніка галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі Ўзброеных сіл займаў Аляксандар Бас, але 17 ліпеня Лукашэнка прызначыў яго камандуючым войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня.
Камандуючым войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сіл замест Ўладзімера Белага прызначылі генэрал-маёра Вадзіма Сурава. Да гэтага Сураў займаў пасаду начальніка 72-га гвардзейскага аб'яднанага навучальнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў (вядомы як вайсковы гарадок Печы, знаходзіцца ў Барысаве Менскай вобласьці).
На пасаду начальніка навучальнага цэнтру ў Печах прызначаны палкоўнік Аляксандар Агейчык.
- Заходняе апэратыўнае камандаваньне разам з Паўночна-Заходнім апэратыўным камандаваньнем і Паўднёвым апэратыўным камандаваньнем — самыя буйныя структурныя адзінкі Ўзброеных сіл Беларусі. У склад Заходняга апэратыўнага камандаваньня ўваходзяць: 6-я асобная гвардзейская мэханізаваная брыгада (Горадня), 11-я асобная гвардзейская мэханізаваная брыгада (Слонім), 111-я гвардзейская артылерыйская брыгада (Берасьце) і некаторыя іншыя часткі і падразьдзяленьні.