У справе аб забойстве беларускі Лізаветы ў Варшаве прызначылі дату папярэдняга паседжаньня суду

Мэмарыял у памяць беларускі Лізаветы ў Варшаве. Архіўнае фота

Папярэдняе судовае паседжаньне адбудзецца 24 кастрычніка, паведаміла «Белсату» прэс-сакратарка акруговага суду Варшавы Анна Ляшчыньска.

У справе паляка Дорыяна С., абвінавачанага ў забойстве беларускі Лізаветы ў Варшаве ў ноч на 25 лютага, прызначылі дату ўступнага паседжаньня суду. Яно пройдзе 24 кастрычніка, паведамляе «Белсат» з спасылкай на прэс-сакратарку акруговага суду Варшавы.

Раней пракурор Пётр Антоні Скіба расказваў, што з улікам характару справы далейшы ейны ход і наступны суд будуць закрытымі. У такіх справах у Польшчы закрытасьць аўтаматычная — у інтарэсах пацярпелых і іхных сваякоў.

Вырак могуць агучыць публічна, але ў публічнай частцы абвесьцяць толькі прадмет справы, прызнаньне вінаватым ці невінаватым і прысуджанае пакараньне.

7 жніўня стала вядома, што экспэртнае заключэньне ад псыхіятраў, псыхоляга і сэксоляга паказала: абвінавачаны прытомны і можа браць удзел у судовых пасяджэньнях.

Абвінавачанаму пагражае ад 15 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу аб забойстве беларускі Лізаветы ў Варшаве перадалі ў суд, працэс будзе закрытым
  • У ноч з 24 на 25 лютага ў цэнтры Варшавы на беларуску Лізавету напаў мужчына. Яна вярталася раніцай дадому, ён прыставіў ёй да шыі нож, сілай адцягнуў да суседняй брамы, дзе зьбіў і згвалтаваў. Аголеную Лізавету, якая ляжала на сходах без прытомнасьці, знайшоў вартаўнік і паведаміў у паліцыю.
  • Падазраваным аказаўся 23-гадовы грамадзянін Польшчы Дорыян С. Яго арыштавалі ў той жа дзень.
  • Пасьля нападу Лізавета знаходзілася ў цяжкім стане ў рэанімацыйным аддзяленьні шпіталя, была без прытомнасьці на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Нягледзячы на ўсе намаганьні дактароў, 1 сакавіка яна памерла. Яе пахавалі 14 сакавіка на Паўночных могілках Варшавы.
  • Пра трагедыю ў сацсетках выказваліся вядомыя палітыкі, журналісты і актывісты. У сацыяльных сетках пачалася акцыя #хопіцьгвалціць — пад гэтым цэтлікам людзі дзяліліся сваімі гісторыямі і развагамі пра сэксуальны гвалт.
  • Здарэньне ўразіла ня толькі суайчыньнікаў загінулай беларускі, але і грамадзян іншых краін. У галоўных польскіх СМІ тэма сьмяротнага згвалтаваньня Лізаветы шмат дзён была адной з асноўных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве адбыўся марш у памяць беларускі Лізаветы, якая памерла пасьля згвалтаваньня