27 жніўня перад будынкам Апэляцыйнага суду ў Бялградзе адбыўся пікет, на якім антываенныя актывісты і грамадзкія дзеячы запатрабавалі вызваленьня беларуса Андрэя Гнёта, якога Сэрбія раней пастанавіла выдаць рэжыму Лукашэнкі. Зараз пачынаецца разгляд апошняй апэляцыйнай скаргі на гэтае рашэньне.
Ад 5 чэрвеня беларускі рэжысэр знаходзіцца пад хатнім арыштам, да гэтага ён 7 месяцаў знаходзіўся ў ізалятары. Як паведамляе карэспандэнт Балканскай службы Радыё Свабода, Андрэй Гнёт ужо прыбыў у Апэляцыйны суд.
«Сэрбія, мы на цябе разьлічваем», «Андрэй Гнёт не злачынца, а закладнік дыктатуры Лукашэнкі» і «Экстрадыцыя роўная сьмерці» — вось некаторыя з тэкстаў на плякатах, якія прынесьлі ўдзельнікі акцыі.
Адзін з тэкстаў нагадвае, што ў Беларусі на сёньня 1372 палітычныя вязьні, а з экстрадыцыяй Гнёта Сэрбія дапаможа рэжыму Лукашэнкі павялічыць іх колькасьць.
Андрэя Гнёта затрымалі ў аэрапорце Бялграду пасьля прылёту з Тайлянду ў кастрычніку 2023 году. З таго часу ён у зьняволеньні. Абвінавачваньні Менску ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў Гнёт называе «хлусьлівымі», гаворачы пра тое, што сапраўдная матывацыя ягонага затрыманьня — удзел у пратэстах і выказваньні супраць дыктатуры.
Дзясяткі эўрапейскіх рэжысэраў, актораў і іншых дзеячаў мастацтва заклікалі сэрбскія ўлады не выдаваць Гнёта і папярэдзілі, што ў выпадку вяртаньня ў Беларусь яму пагражае «турма, катаваньні і нават сьмяротнае пакараньне». Адкрыты ліст дзеячаў мастацтва быў апублікаваны 26 жніўня, пра яго паведаміла газэта Guardian.
Пра справу Андрэя Гнёта напісалі і ў Эўрапейскі суд у правах чалавека ў Страсбургу. Суд тры разы адмовіў беларусу ў абароне, адзначыўшы, што будзе разглядаць справу толькі пасьля канчатковага рашэньня сэрбскіх установаў. Але абарона Гнёта баіцца, што сэрбскія ўлады ў выпадку ўхваленьня рашэньня ад выдачы перададуць Гнёта рэжыму Лукашэнкі хутчэй, чым са Страсбургу прыйдзе рашэньне пра пачатак разгляду справы на ўзроўні ЭСПЧ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанію ў абарону Андрэя Гнёта падтрымалі Сьвятлана Алексіевіч, Алег Сянцоў, Жульет Бінош, Кен Лоўч, Агнешка Голянд ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭСПЧ трэці раз адмовіў Андрэю Гнёту ў абароне ад экстрадыцыі