Заснавальніку Telegram Паўлу Дураву зноў падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай у Францыі — да серады 28 жніўня.
Пра гэта паведаміла крыніца AFP, блізкая да справы. Ягоных целаахоўніка і спадарожніцу адпусьцілі пасьля допыту.
Пра тое, што тэрмін затрыманьня можа быць працягнуты, папярэджвалі ў пракуратуры Францыі. Мера стрыманьня можа доўжыцца да 96 гадзін «у адпаведнасьці з працэдурай, якая прымяняецца да злачынстваў, якія падпадаюць пад дзеяньне рэжыму арганізаванай злачыннасьці». Пасьля заканчэньня гэтага тэрміну судзьдзя або выставіць Дураву абвінавачаньні, або адпусьціць яго.
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ўжо запатрабавалі ад Францыі прадаставіць Дураву, які атрымаў грамадзянства ААЭ ў 2021 годзе, доступ да ўсіх неабходных консульскіх паслуг, паведаміла прэс-служба Міністэрства замежных спраў краіны. У МЗС адзначылі, што ў Абу-Дабі ўважліва сочаць за гэтай справай.
Целаахоўніка і спадарожніцу заснавальніка Telegram, якія «стала суправаджаюць яго», ужо адпусьцілі, паведаміла Le Figaro са спасылкай на крыніцу. Да гэтага іх дапыталі францускія сьледчыя.
Паўла Дурава ўвечары 24 жніўня затрымалі ў парыскім аэрапорце Лё Буржэ, куды ён прыляцеў з Азэрбайджана на прыватным самалёце.
Разам зь ім былі целаахоўнік і спадарожніца. Меркавана, гэта блогерка і коўч у крыптавалютах Юлія Вавілава, піша РБК. Яе сваякі 25 жніўня паведамілі, што дзяўчына не выходзіла на сувязь пасьля затрыманьня Дурава. Вавілава і заснавальнік Telegram не афішавалі адносінаў, але, мяркуючы па публікацыях у Instagram, гэтым летам яна наведвала тыя ж краіны ў той жа час, што і Дураў.
У Францыі заснавальнік Telegram, як сьцьвярджаецца, быў уключаны ў спіс асоб, якія вышукваюцца, ордэр на арышт выдала француская судовая паліцыя на падставе папярэдняга расьсьледаваньня.
Справу супраць Дурава завялі яшчэ 8 ліпеня
У прэсавым рэлізе пракуратуры Францыі гаворыцца, што Дурава падазраюць у 12 злачынствах:
- Саўдзел у адміністраваньні онлайн-плятформы для правядзеньня незаконных угод арганізаваных груп;
- Адмова перадаць на запыт праваахоўных органаў інфармацыю або дакумэнты, неабходныя для расьсьледаваньня;
- Саўдзел у захоўваньні парнаграфічнага кантэнту зь непаўналетнімі;
- Саўдзел у распаўсюджваньні такога кантэнту;
- Саўдзел у распаўсюджваньні і захоўваньні наркотыкаў;
- Саўдзел у кібэрзлачынствах;
- Саўдзел у махлярстве ў складзе арганізаванай злачыннай групоўкі;
- Злачынная змова з мэтай учыненьня цяжкага злачынства;
- Адмываньне грошай;
- Аказаньне крыпталягічных паслуг без ліцэнзіі;
- Пастаўка крыпталягічнага абсталяваньня без папярэдняга дэкляраваньня;
- Імпарт такога абсталяваньня.
У паведамленьні пракуратуры гаворыцца, што справу супраць Дурава завялі яшчэ 8 ліпеня 2024 году.
Павел Дураў застанецца пад вартай як мінімум да 28 жніўня.
Інфармацыйнае агенцтва Reuters паведамляе са спасылкай на прадстаўніка паліцыі Францыі, што Дурава абвінавачваюць у патураньні фінансавым і кібэрнэтычным злачынствам, якія ўчыняюцца з дапамогай мэсэнджара Telegram.
Крыніцы Reuters у францускай паліцыі сьведчылі, што папярэдняе расьсьледаваньне ў дачыненьні да заснавальніка Telegram было распачатае таму, што ён адмовіўся супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі, а на ягонай плятформе не было мадэрацыі.
Паводле крыніц агенцтва, гэта прывяло да таго, што Дураў дапусьціў учыненьне «шырокага спэктру злачынстваў» з дапамогай мэсэнджара.