Сярод тых, хто падпісаў ліст, — беларуская нобэлеўская ляўрэатка зь літаратуры Святлана Алексеівіч, украінскі рэжысэр Алег Сянцоў, француская актрыса Жульет Бінош, брытанскі кінарэжысэр Кен Лоўч, вугорскі кінэматаграфіст Бела Тар, польская кінарэжысэрка Агнешка Голянд, заснавальнікі Беларускага Свабоднага тэатру рэжысэры Мікалай Халезін і Натальля Каляда, нямецкая актрыса і сцэнарыстка Маргарэт фон Трота, румынскі рэжысэр Крыстыян Мунджыў ды іншыя дзеячы мастацтва з усяго сьвету.
Арганізатарамі кампаніі «Мастакі за Андрэя» сталі актор Міця Савелаў і сузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA), прадусарка Воля Чайкоўская пры падтрымцы Эўрапейскай кінаакадэміі (EFA). У ліпені BIFA і EFA сумесна заклікалі да неадкладнага вызваленьня беларускага рэжысэра.
«Мы заклікаем сэрбскія ўлады не дапусьціць экстрадыцыі рэжысэра Андрэя Гнёта ў Беларусь, дзе яму пагражае турэмнае зьняволеньне, катаваньні і нават сьмяротнае пакараньне. Часу не засталося — 27 жніўня сэрбскі Апэляцыйны суд правядзе апошні разгляд справы Андрэя. Будзе вырашана, выдадуць яго ці не», — зьвяртаюцца аўтары ліста да Апэляцыйнага суду ў Бялградзе і міністаркі юстыцыі Сэрбіі Маі Повіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прызначана дата разгляду апэляцыі Андрэя Гнёта на рашэньне сэрбскага суду«Андрэй — беларускі кінарэжысэр і грамадзкі дзяяч. Ён вядомы тым, што рабіў дакумэнтальныя здымкі падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе, запісваў заклікі спартоўцаў да свабодных і справядлівых выбараў. За гэтыя дзеяньні яго перасьледуе беларускі аўтарытарны рэжым», — даводзяць аўтары звароту.
Гнёт быў арыштаваны ў Сэрбіі ў 2023 годзе пасьля запыту Інтэрполу аб вышуку ад беларускага ўраду — тактыка, якую выкарыстоўваў рэжым Лукашэнкі для вышуку дэмакратычных актывістаў па ўсім сьвеце. Хоць пазьней Інтэрпол адмяніў запыт на вышук, Сэрбія ня вызваліла Андрэя.
Як заяўляе Amnesty International, «згодна зь міжнародным правам, якое забараняе катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне, Сэрбія павінна забясьпечыць абарону Андрэя Гнёта».
«Мы заклікаем урад Сэрбіі забясьпечыць яго бясьпеку і свабоду», — гаворыцца ў звароце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭСПЧ трэці раз адмовіў Андрэю Гнёту ў абароне ад экстрадыцыі