Як паведамляецца, Эванс працаваў дарадцам у бясьпецы ў агенцтве. Ён загінуў пасьля ўдару ракеты ў гатэль Sapphire, дзе ён быў у складзе каманды з шасьці чалавек.
Яшчэ двое журналістаў агенцтва шпіталізаваныя. Агенцтва зазначае, што адзін зь іх мае сур’ёзныя раненьні.
«Мы тэрмінова шукаем больш інфармацыі аб нападзе, у тым ліку ў супрацоўніцтве з краматарскімі ўладамі, і падтрымліваем нашых калег і іхныя сем’і», — заяўляе Reuters.
Эванс — былы брытанскі вайсковец, які працаваў з Reuters з 2022 году і кансультаваў журналістаў агенцтва аб бясьпецы падчас працы ва ўсім сьвеце, у прыватнасьці ва Ўкраіне, Ізраілі і на Алімпіядзе ў Парыжы. Яму было 38 гадоў.
Рэдакцыя агенцтва выказаў спачуваньні сям’і і блізкім загінулага:
«Раян дапамог многім нашым журналістам асьвятляць падзеі па ўсім сьвеце; мы будзем па ім жудасна сумаваць».
Яшчэ тры ўдзельнікі каманды Reuters, якія знаходзіліся ў гатэлі падчас удару, у бясьпецы, паведамляе агенцтва. Яно прыводзіць заявы ўкраінскай улады аб тым, што ўдар нанесла расейскае войска, але адзначае, што «не змагло незалежна пацьвердзіць, што ракета, якая ўдарыла па гатэлі, была запушчаная Расеяй, або што ўдар па гэтым будынку быў мэтанакіраваным».
Напярэдадні пад заваламі гатэлю ў Краматорску знайшлі цела загінулага мужчыны, паведаміла ГСНС.
Расейскія вайскоўцы ў ноч на 25 жніўня ўдарылі па Краматорску. Пад удар трапіў гатэль, у якім, у прыватнасьці, знаходзіліся журналісты — грамадзяне Ўкраіны, ЗША і Брытаніі.
Раней гарадзкая рада паведаміла, што ў выніку ракетнага ўдару РФ па гатэлі ў Краматорску ракетай «Іскандэр-М» пацярпелі шасьцёра.
У Міністэрстве замежных спраў Украіны заклікалі сьвет асудзіць расейскі ўдар па гатэлі ў Краматорску, дзе знаходзіліся замежныя журналісты. Паводле сьпікера МЗС, «прыцэльныя ўдары па СМІ сталі сыстэмнай тактыкай вайны Расеі».