У горадзе Краматорск на паўночным захадзе Данецкай вобласьці Ўкраіны ў выніку, як сьцьвярджаецца, расейскага ўдару па будынку гатэлю «Сапфір» у ноч на 25 жніўня пацярпелі журналісты, паведаміў кіраўнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Вадзім Філашкін.
Як стала вядома пазьней, пацярпелі журналісты Reuters. Двое журналістаў каманды былі шпіталізаваныя пасьля ўдару па гатэлі ў горадзе Краматорск, яшчэ адзін зьнік бязь вестак, паведамляе агенцтва Reuters. 24 жніўня ў гатэлі, які трапіў пад удар, знаходзілася каманда Reuters агулам з шасьці чалавек, удакладніла агенцтва.
А 13.30-ай гадзіне 25 жніўня Вадзім Філашкін удакладніў, што колькасьць пацярпелых у выніку ракетнага ўдару журналістаў вырасла да 4 чалавек, яшчэ адзін знаходзіцца пад заваламі. Пацярпелыя журналісты агенцтва Reuters — грамадзяне ЗША, Латвіі, Нямеччыны і Ўкраіны. Пад заваламі знаходзіцца журналіст зь Вялікай Брытаніі.
Пры ўдары па Краматорску пацярпела таксама польская журналістка Моніка Андрушэўска, якая працуе ва Ўкраіне. Як паведамляе Polsat, яна не жыла ў гатэлі, але ў момант удару праяжджала побач на машыне.
Двухпавярховы будынак гатэля часткова разбураны. Да 11-ай раніцы ратавальнікі разабралі 60 тонаў будаўнічых канструкцыяў. Пошукавыя работы працягваюцца. Як паведаміў карэспандэнту украінскай службы Радыё Свабода, уначы пошукавыя працы некалькі разоў перапынялі праз пагрозы абстрэлаў.
Паводле зьвестак украінскай пракуратуры, удар верагодна быў нанесены ракетай «Іскандэр-М».
Мінабароны Расеі і расейскія ўлады ўдар па гатэлі ў Краматорску пакуль не камэнтавалі. Расейскія праваенныя блогеры пацьвярджаюць паведамленьні пра ўдар, сьцьвярджаючы, што там жылі вайскоўцы.