Кэнэдзі заявіў, што больш ня верыць у магчымасьць перамагчы, і зьвярнуўся да ўладаў дзесяці галоўных штатаў, дзе выбарыцы найбольш вагаюцца, з просьбай выкрасьліць яго імя зь бюлетэняў. Ён сказаў, што яго імя застанецца ў выбарчых бюлетэнях у многіх штатах, але ня ў тых дзесяці, якія вагаюцца.
Незалежны кандыдат паведаміў, што ня можа працягваць сваю кампанію з прычыны карупцыі ў органах улады, у прыватнасьці Дэмакратычнай партыі, і праз цэнзуру, якой вядучыя СМІ падвергнулі яго выбарчую кампанію.
Заява незалежнага прэтэндэнта аб заканчэньні яго кампаніі чакалася ўжо некалькі дзён. Гэта было зьвязана са зьвесткамі аб перамовах Кэнэдзі з Трампам адносна будучай пасады ў адміністрацыі.
Дональд Трамп на гэтым тыдні сказаў у інтэрвію CNN аб гатоўнасьці ў выпадку перамогі разгледзець ролю Кэнэдзі ў яго адміністрацыі — пры ўмове, што той выйдзе з гонкі і падтрымае рэспубліканскага кандыдата.
Да таго моманту Трамп ужо зьвяртаўся па падтрымку да Кэнэдзі. Аб такім кантакце сьведчыць уцечка, аб якой паведамлялі ў ліпені агенцтва Reuters і іншыя СМІ.
Кэнэдзі сабраў каля мільёна подпісаў выбаршчыкаў і заручыўся падтрымкай 5% адсоткаў насельніцтва. Яго палітычныя погляды прыцягвалі і левых, і правых: ён быў супраць дапамогі Украіне, але за падтрымку Ізраілю; супраць забарон на аборты, але за ахову паўднёвых межаў краіны ад прытоку імігрантаў.
У гісторыі прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША было няшмат пасьпяховых незалежных кандыдатаў, якія не належалі адной зь дзьвю вядучых партый. Адным зь іх быў Рос Пэра, бізнэсовец і філянтроп, які ў 1992-м годзе атрымаў 19% галасоў выбаршчыкаў і ледзь не выхапіў перамогу ў Біла Клінтана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне ў выніку нажавога нападу загінулі трое чалавекКамала Гарыс, якая на зьезьдзе дэмакратаў у чацьвер прыняла намінацыю кандыдата ў прэзыдэнты, умацавала свой невялікі рост рэйтынгу, як паказваюць апытаньні. Трамп таксама актыўна вядзе перадвыбарную кампанію. У сераду ў Паўночнай Караліне ён упершыню пасьля ліпеньскага замаху на яго выступіў на мітынгу пад адкрытым небам.