Пра гэта намесьнік начальніка Генштабу Беларусі па навуковай рабоце палкоўнік Віктар Тумар заявіў у інтэрвію выданьню «Беларусь сегодня».
Ён лічыць, што беларускае народнае апалчэньне больш пасьпяхова б спраўлялася з дывэрсійна-выведнымі групамі.
«Далі б магчымасьць людзям бараніць свой дом са зброяй. І проста так дывэрсійна-выведныя групы ўжо свабодна не перасоўваліся б, і ва ўкраінцаў не было б магчымасьці проста так расстрэльваць цывільныя аўтамабілі.
Вось у чым нашая ідэя і абарона — гэта народ. А аснова — гэта Ўзброеныя Сілы. Таму мы выбудоўваем гэтую сыстэму менавіта так. І тэрытарыяльныя войскі, і народнае апалчэньне працуюць пад кіраўніцтвам Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі», —заявіў палкоўнік Тумар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Украіна кантралюе 92 населеныя пункты ў Курскай вобласьці, «чырвоныя лініі» Пуціна — ілюзія
Паводле яго слоў, у Беларусі створаны высокаманеўраная армія, якая можа ўзмацніцца падразьдзяленьнямі МУС і КДБ, а таксама народным апалчэньнем і тэрабаронай. На думку Тумара, УС РБ складаюць «галоўную ўдарную і баявую сілы і валодаюць магутным вайсковым патэнцыялам».
Аляксандар Лукашэнка яшчэ ў 2018 годзе абяцаў раздаць усім беларусам зброю ў выпадку ваеннага канфлікту. На сустрэчы з актывам БРСМ ён тады казаў: «Я заўсёды кажу прагматычна: а калі заўтра са стрэльбай прыйдзецца ўстаць на абарону сваёй Радзімы? Я як галоўнакамандуючы абыдуся хіба толькі той структурай і сыстэмай, якая створаная ва Ўзброеных Сілах і міліцыі? Не. Нам давядзецца раздаць кожнаму (перш за ўсё мужыку, дый дзяўчыне) зброю».