У Валгаградзкай вобласьці вязьні адной з калёній у часе правядзеньня дысцыплінарнай камісіі захапілі закладнікаў.
Як паведамляе шэраг расейскіх СМІ, гэта адбылося ў папраўчай калёніі № 19 у Суравікіне.
Інфармацыю пацьвердзілі ў Фэдэральнай службе выкананьня пакараньняў.
Як паведаміла расейская служба Радыё Свабода са спасылкай на блізкія да сілавых структур Telegram-каналы, на апублікаваных відэазапісах з калёніі тыя, хто захапіў закладнікаў, называлі сябе «маджагедамі Ісламскай дзяржавы». На запісе таксама можна было пабачыць чатырох закладнікаў, траіх зь якіх, імаверна, забілі. Нападнікі ўзброеныя нажамі.
У Фэдэральнай службе выкананьня пакараньняў паведамілі аб «правядзеньні захадаў для вызваленьня закладнікаў». Колькасьць захопленых пакуль невядомая. Выданьне «База» сьцьвярджае, што пяць закладнікаў, у тым ліку начальнік калёніі Андрэй Дзявятаў, змаглі ўцячы. Дзевяць знаходзяцца ў рэанімацыі.
Выданьні Life і «Сапа Кавказ» паведамілі, што да калёніі сьцягнулі сілы спэцыяльнага прызначэньня. Захопнікі нібыта патрабуюць 2 мільёны даляраў і верталёт.
У Сьледчым камітэце Расеі паведамілі, што завялі крымінальную справу па факце захопу закладнікаў.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, у закладніках — супрацоўнікі папраўчай калёніі № 19 у горадзе Суравікіне. «Праводзяцца неабходныя сьледчыя дзеяньні, накіраваныя на высьвятленьне ўсіх абставінаў здарэньня».
Гэта другі за лета захоп закладнікаў ва ўстанове Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў. 16 чэрвеня шасьцёра вязьняў узялі ў закладнікі двух супрацоўнікаў Растоўскага сьледчага ізалятару. Закладнікі не пацярпелі, пры штурме застрэлілі пяцёх нападнікаў. Яны таксама заяўлялі аб сваёй прыналежнасьці да «Ісламскай дзяржавы».