Прэзыдэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон заявіў, што перамовы з кіраўніком Казахстану Касым-Жамартам Такаевым пацьвердзілі ўмацаваньне адносін паміж краінамі і спрыялі падпісаньню шэрагу важных дакумэнтаў, якія паглыбляюць двухбаковае ўзаемадзеяньне.
«Асабліва адзначу гістарычнае падпісаньне дамовы аб саюзьніцкіх дачыненьнях. Гэты найважнейшы дакумэнт, безумоўна, адкрывае новую старонку ў гісторыі супрацы дзьвюх краін і, упэўнены, стане трывалым падмуркам нашага стратэгічнага партнэрства», — сказаў Эмамалі Рахмон.
У сваю чаргу прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў дадаў, што гэты дакумэнт «азначае пачатак якасна новага этапу двухбаковай супрацы».
«Цяпер два братэрскія народы з поўнай упэўненасьцю могуць гаварыць аб саюзьніцтве паміж нашымі краінамі. Паміж нашымі краінамі няма якіх-небудзь праблемных пытаньняў. Дамовіліся і далей імкнуцца да ўмацаваньня ўзаемавыгаднага шматплянавага партнэрства», — заявіў прэзыдэнт Казахстану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Таджыкістану заклікаў Расею не катаваць падазраваных у нападзе на «Крокус», Лаўроў заявіў іншаеКазахстан і Таджыкістан уваходзяць у склад СНД, Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).
У траўні 2023 году ў Кітаі заявілі аб стварэньні новай арганізацыі з постсавецкімі краінамі Цэнтральнай Азіі, якая прадугледжвае сталы мэханізм сустрэчы кіраўнікоў Кітаю, Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану, Туркмэністану і Ўзбэкістану.
Казахстан і Таджыкістан таксама ўваходзяць у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва.