Два мільёны чалавек так адзначылі 50-годзьдзе падпісаньня пакту Молатава — Рыбэнтропа, які аддаў балтыйскія краіны ў «зону ўплыву» і пад акупацыю Савецкага Саюзу.
У 1989 годзе людзі патрабавалі аднаўленьня незалежнасьці сваіх краін, што неўзабаве стала рэальнасьцю.
Цяпер тры балтыйскія краіны ўваходзяць у Эўрапейскі Зьвяз і NATO, тут знайшлі прытулак дзясяткі тысяч беларусаў, якія уцяклі ад рэпрэсіяў пасьля 2020 году.
Сёньня арганізатары ўрачыстасьцяў, прысьвечаных юбілею «Балтыйскага шляху», заклікаюць зноў аб’яднацца вакол супольнай гісторыі, як аб’ядналіся людзі ў той час.
Як піша партал Delfi.lt, у Вільні адбудзецца канцэрт «650 км Свабоды». 200 выканаўцаў зь Літвы, Латвіі і Эстоніі зьбяруцца на адной сцэне на Катэдральнай плошчы. Гэта будзе галоўная і бясплатная імпрэза ў Вільні.
У Коўне запрашаюць адзначыць 35-годзьдзе Балтыйскага шляху на высьпе пасярод Нёмана, злучанай з горадам чатырма мастамі. Будзе гучаць музыка ў стылі гіпі — «музыка, якая робіць нас свабоднымі», — паведамляюць арганізатары канцэрту. Прагучаць як сусьветныя гіты, так і песьні літоўскіх гіпі.
У Рызе на плошчы Свабоды пройдзе канцэрт «Адзіныя дзеля свабоды», дзе будзе гучаць музыка розных стыляў. Таксама адкрыецца выстава «Балтыйскі шлях» з тагачаснымі дакумэнтамі й матэрыяламі зь Дзяржаўнага архіву.
У Эстоніі пройдуць малітвы ў цэрквах у памяць ахвяраў камунізму і нацызму, а галоўная памінальная падзея адбудзецца ў Таліне каля мэмарыялу ахвярам камунізму. Падчас цырымоніі выступяць кіраўнікі дзяржавы і прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу.
Будзе насычанай праграма і ў прэзыдэнтаў трох краінаў — на гэты дзень заплянавана некалькі іх сустрэч і супольных імпрэзаў.
Сьвятлана Ціханоўская павіншавала народы Літвы, Латвіі і Эстоніі з нагоды 35-годзьдзя Балтыйскага шляху, які ў 1989 годзе аб’яднаў народы трох краін:
«Ваш мужны крок стаў сымбалем супраціву дыктатуры і натхненьнем для многіх іншых народаў, у тым ліку і для беларусаў. Барацьба за свабоду — гэта дарога, якая патрабуе адвагі, салідарнасьці і веры ў будучыню. Як і вы тады, сёньня беларусы працягваюць змагацца за сваё права на свабоду і незалежнасьць. Мы вучымся ў вас стаяць плячо ў плячо, з надзеяй у сэрцы і рашучасьцю ў душы, верыць у свае сілы і аб’ядноўвацца дзеля дасягненьня мэты. Дзякуй вам за ваш прыклад і падтрымку. Няхай нашы народы заўсёды будуць зьяднаныя ў імкненьні да свабоды, справядлівасьці і годнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо сёньня: 85 гадоў таму быў заключаны пакт Молатава — Рыбэнтропа аб ненападзе паміж СССР і Нямеччынай