Больш за 20 расейскіх кампаній заявілі аб рызыцы банкруцтва праз санкцыі

Закрытая ў выніку санкцый зборка машын Mazda CX-5 у Расеі. Архіўнае фота

Больш за дваццаць буйных расейскіх прамысловых кампаній накіравалі кіраўніку Мінпрамгандлю Расеі ліст, у якім заявілі аб пагрозе банкруцтва і спыненьні вытворчасьці празь немагчымасьць закупіць крытычна неабходную сыравіну за мяжой.

Прадстаўнікі будаўнічай і аўтамабільнай галін, а таксама вытворцы бытавой тэхнікі, накіравалі кіраўніку Мінпрамгандлю Антону Аліханаву ліст, у якім заявілі, што ім пагражаюць банкруцтва і спыненьне вытворчасьці празь немагчымасьць закупіць крытычна неабходную сыравіну за мяжой, у тым ліку і ў так званых дружалюбных краінах, піша расейская служба Радыё Свабода.

Як паведамляе агенцтва РБК, прычына асьцярог — нядаўні, чатырнаццаты па ліку пакет санкцый Эўразьвязу ў дачыненьні да Расеі, з прычыны прыняцьця якога ў краіну спыніліся пастаўкі важных матэрыялаў з ЗША, Эўропы, Японіі, а ў апошні час і з Кітая.

Гаворка ідзе перш за ўсё пра полімэтыленфэнілізацыянаты, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці лядоўняў, аўтазапчастак, труб, мантажнай пены, гермэтыкаў і наліўных падлог. У лісьце гаворыцца, што ў гэтым выпадку расейская эканоміка залежыць ад імпарту на ўсе сто працэнтаў.

У лісьце таксама сьцьвярджаецца, што наяўных на дадзены момант запасаў матэрыялаў хопіць толькі на два месяцы, а дамовіцца з пастаўшчыкамі, якія дапамагаюць абыходзіць санкцыі, у прыватнасьці з Саудаўскай Арабіяй, пакуль не ўдалося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі алігарх Дзерыпаска публічна назваў вайну ва Ўкраіне «вар’яцтвам»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны эканамічны форум праходзіць у Пецярбургу з удзелам дэлегацый Беларусі і «Талібану»