Ведамства абвінаваціла ў атацы Ўкраіну. На месца пажару накіравалі пажарны цягнік, для яго ліквідацыі прыцягнулі 101 чалавека і 34 адзінкі тэхнікі.
Пазьней у Апэратыўным штабе Краснадарскага краю паведамілі, што «ў выніку атрыманых пашкоджаньняў паром у акваторыі порта „Каўказ“ затануў».
«Ачагоў узгараньня на тэрыторыі самога порта няма», — адзначылі ў ведамстве.
З патанулага парома выратавалі 17 чалавек, яшчэ дваіх чальцоў экіпажа шукаюць.
«На цяперашні момант выратавалі 17 чальцоў экіпажу. Апэрацыя па выратаваньні астатніх працягваецца — неабходна знайсьці яшчэ двух чалавек», — паведаміў губэрнатар Краснадарскага краю Веньямін Кандрацьеў.
Пры гэтым расейскія ўлады дасюль афіцыйна не паведамілі назву судна.
Раней 22 жніўня ўкраінскія і расейскія крыніцы паведамілі пра меркаваныя ракетныя ўдары па раёне паромнай пераправы з Краснадарскага краю ў анэксаваны Крым.
Шэраг тэлеграм-каналаў, у прыватнасьці «Осторожно, новости», публікуюць відэа дыму, які ўздымаецца, як сьцьвярджаецца, у раёне паромнай пераправы.
Паводле зьвестак тэлеграм-каналу SHOT, украінская ракета «Нептун» трапіла ў прышвартаванае судна. Пацьвярджэньняў гэтай інфармацыі пакуль няма.
Днём 22 жніўня быў перакрыты рух па Керчанскім мосьце і рух воднага пасажырскага транспарту ў бухце Севастопаля.
Украінскія ўлады пакуль не камэнтавалі выбухі ў порце «Каўказ».
Украінскія вайскоўцы рэгулярна наносяць ракетныя ўдары па аб’ектах у Крыме. Пад удары ў апошні час трапляла і паромная пераправа, якая, як сьцьвярджаецца, выкарыстоўваецца для ваенных перавозак у Крым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўмацоўваецца ў Курскай вобласьці. У Бранску заявілі аб новай спробе прарыву