Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наведаў памежжа Сумскай вобласьці і правёў нараду з галоўнакамандуючым Узброеных сіл Украіны Аляксандрам Сырскім і начальнікам Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Ўладзімірам Арцюхом.
«У вызначаных раёнах Курскай вобласьці пад кантролем Украіны яшчэ адзін населены пункт, і маем папаўненьне абменнага фонду», — паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваім Telegram-канале, маючы на ўвазе захоп расейскіх салдат у палон для іх абмену на ўкранскіх палонных.
Паводле яго слоў, пасля пачатку апэрацыі ў Курскай вобласьці колькасьць абстрэлаў Сумскай вобласьці са ствольнай артылерыі зьменшылася, і, адпаведна, зьменшылася колькасьць ахвяр сярод цывільных.
«Асобная ўвага — каардынацыі дзеяньняў паміж вайскоўцамі, паліцыяй і Дзяржаўнай службай у надзвычайных сытуацыях у памежжы, у тым ліку для арганізацыі гуманітарных канвояў у вызначаныя раёны Курскай вобласьці», — паведаміў Уладзімір Зяленскі.
Такім чынам, цяпер Украіна, імаверна, кантралюе 93 населеныя пункты Курскай вобласьці. 19 жніўня ўлады Ўкраіны паведамлялі аб кантролі над 92 расейскімі паселішчамі.
Улады Сумскай вобласьці паведамілі, што раніцай 22 жніўня расейцы 28 разоў абстралялі памежную тэрыторыю Сумскай вобласьці з авіяцыі, мінамётаў, артылерыі і бесьпілётнікаў. Ад абстрэлаў пацярпелі 11 грамад. Аб пацярпелых не паведамілі. Раней фіксавалі да 50 абстрэлаў на дзень.
- Украіна пачала сваю апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню абвясьцілі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
- 22 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў пра яшчэ адзін населены пункт, які ўзялі пад кантроль украінскія сілы. Раней паведамлялі, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі.
- Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне вайсковых камэндатур і арганізацыю перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны», і магчымае стварэньне вайсковых камэндатураў у паселішчах, якія кантралююць украінскія вайскоўцы.
- Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.