Урад Беларусі ўвёў ліцэнзаваньне на экспарт сьвежых і ахалоджаных памідораў.
Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове ўраду, ліцэнзаваньне ўводзіцца з 1 лістапада 2024 году і будзе дзейнічаць да 2 сакавіка 2025 году.
У пастанове не ўдакладняюцца прычыны ўвядзеньня абмежаваньняў.
Раней Беларусь уводзіла ліцэнзаваньне экспарту цыбулі, капусты, яблык, збожжа, цукру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі на паўгода ўвялі ліцэнзаваньне на вываз адыходаў шклаУ 2022 годзе, калі супраць Беларусі ўводзілі ўсё больш жорсткія санкцыі, намесьніца міністра антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Ніна Емяльянава заяўляла, што ліцэнзаваньне экспарту асобных відаў прадуктаў зьяўляецца адным з мэханізмаў гарантаваньня харчовай бясьпекі Беларусі.
«Мы ўхвальвалі ўсемагчымыя захады для вырашэньня праблем, якія ўзьнікалі: вызначалі рэгуляваньне цэнаў, выкарыстоўвалі захады нетарыфнага рэгуляваньня, уводзілі забароны і абмежаваньні на ўвоз і вываз тавараў, а таксама ліцэнзаваньне ўвозу і вывазу іх асобных відаў. Каб забясьпечыць насельніцтва асноўнымі харчовымі таварамі пад поўныя патрэбы, супольна з галіновымі вытворцамі і канцэрнамі заключалі графікі паставак некаторых груп тавараў на ўнутраны рынак. Сярод іх — цукар, мука, грэчка, рапсавы алей, мяса птушкі, цэльнамалочная прадукцыя і яйкі», — цытавала яе дзяржаўнае агенцтва БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зноў на паўгода ўвялі ліцэнзаваньне вывазу збожжа