Пра гэта паведаміла галоўная спэцыялістка аддзелу адукацыі Менскага аблвыканкаму Натальля Дудкіна, піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Паводле яе, праца па вывучэньні «генацыду беларускага народу» працягнецца, бо яна зьяўляецца выхаваньнем «грамадзянскіх пачуцьцяў і патрыятызму».
«Таму і робіцца націск на вывучэньне генацыду беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ёсьць добрая мэтадычная база правядзеньня гэтых інфармацыйных гадзінаў — падрыхтаваны мэтадычны дапаможнік», — сказала Дудкіна.
Яна таксама адзначыла, што ў школах будуць праходзіць адзіныя ўрокі, прысьвечаныя «значным падзеям у гісторыі нашай краіны». Сярод такіх чыноўніца назвала Дзень народнага адзінства, Дзень Канстытуцыі, трагедыю ў Хатыні, Дзень яднаньня Беларусі і Расеі.
Ва ўстановах адукацыі Менску паставілі задачу «яшчэ больш актывізаваць патрыятычнае выхаваньне», заявіла намесьніца старшыні камітэту адукацыі сталічнага выканкаму Вольга Сьмірнова. Паводле яе, гэта зьвязана з тым, што ў траўні 2025 году «ўсё ж 80-годзьдзе Вялікай Перамогі».
- У 2022 годзе ў Беларусі пачалі зьмяняць школьную праграму. Сярод іншага, у адукацыйным працэсе сталі выкарыстоўваць інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы крымінальнага расьсьледаваньня аб «генацыдзе беларускага народу», прадстаўленыя Генпракуратурай.
- У 2023 годзе выдалі падручнікі «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны». З 2023 году зьявіліся адпаведныя дапаможнікі асобна для 1–4-х, 5–9-х і 10–11-х клясаў.
- Пры гэтым улады праводзяць паралель паміж гітлераўцамі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.