Пра гэта гаворыцца ў справаздачы ўласьніка беларускага вытворцы піва, паведамляе «Люстэрка».
У першым паўгодзьдзі 2024 году аб’ём продажаў кампаніі Olvi ў Беларусі павялічыўся на 4,3%, гаворыцца ў справаздачы. Пры гэтым чыстыя продажы засталіся на ўзроўні мінулага году — 72,7 млн эўра. У беларускіх рублях яны вырасьлі на 12,7%, але беларускі рубель у першым паўгодзьдзі аслабеў, адзначаюць у Olvi.
У міжнароднай карпарацыі падкрэсьлілі, што «апэрацыйны вынік быў абцяжараны штрафам, накладзеным на беларускую даччыную кампанію». Сёлета зь «Лідзкага піва» спагналі ў судовым парадку яшчэ 7,9 млн беларускіх рублёў. Прычынай стаў пазоў Міністэрства культуры — «за прадпрымальніцкую дзейнасьць, якая аказвае ўзьдзеяньне на ахоўныя зоны гісторыка-культурных каштоўнасьцяў».
У 2023 годзе пасьля праверкі Камітэту дзяржкантролю «Лідзкае піва» таксама заплаціла штраф — у памеры 35,8 млн рублёў. За што прадпрыемству выпісалі штраф, роўны гадавому прыбытку, не паведамлялі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства культуры спагнала з ААТ «Лідзкае піва» амаль 8 мільёнаў за ўплыў на ахоўныя зоныМногія замежныя кампаніі, якія засталіся ў Беларусі, апынуліся ў складаным фінансавым становішчы, пасьля таго як у 2023 годзе Аляксандар Лукашэнка абмежаваў уладальнікам замежных кампаніяў зь «недружалюбных» краінаў магчымасьці распараджацца дывідэндамі. Olvi ў сваёй справаздачы акцэнтуе на гэтым увагу:
«На працягу 2024 году былі рэалізаваныя заканадаўчыя зьмены ў дачыненьні да выплаты дывідэндаў і законаў, якія перашкаджаюць продажам кампаній. Выплата дывідэндаў за мяжу заходнімі кампаніямі была абмежаваная на 2024-2025 гады шляхам устанаўленьня палажэньняў аб максымальных сумах».
З 1 красавіка 2024 году ў Беларусі ўвялі стаўку падатку на дывідэнды ў 25% для замежных арганізацыяў, якія не ажыцьцяўляюць дзейнасьць у краіне праз сталае прадстаўніцтва, а іх офісы знаходзяцца ў «недружалюбных» краінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заклікаў «недружалюбную» краіну ЭЗ «разам пісаць гісторыю Эўропы». Якія санкцыі ён увёў супраць «недружалюбных краін»