Нафтабаза ў Пралятарску Растоўскай вобласьці Расеі загарэлася ў выніку атакі ўкраінскіх дронаў раніцай 18 жніўня. Увечары 20 жніўня на нафтабазе выбухнула яшчэ адна цыстэрна. Пажар ня могуць патушыць чацьвёрты дзень.
Пры тушэньні пажару на нафтасховішчы ў Пралятарску пацярпелі 42 пажарныя, 15 зь іх шпіталізаваныя, піша дзяржаўнае агенцтва ТАСС са спасылкай на мэдыкаў. Губэрнатар Васіль Голубеў раней паведамляў пра 41 пацярпелага і 18 шпіталізаваных.
Пажар у Пралятарску тушаць ужо чацьвёрты дзень. Улады ўвялі ў горадзе рэжым надзвычайнай сытуацыі. 20 жніўня паведамлялася, што плошча пажару склала 10 тысячаў квадратных мэтраў.
У тушэньні пажару бяруць удзел 500 пажарных. Паводле зьвестак блізкага да расейскіх сілавікоў тэлеграм-каналу Baza, 20 жніўня агнём былі ахопленыя 22 цыстэрны з палівам, пажарнікам не ўдаецца лякалізаваць узгараньне.
Сьвятары Валгадонскай япархіі правялі малебен у полі насупраць пажару.
Таксама яны правялі малебен у капліцы на тэрыторыі раённай бальніцы аб здароўі пажарных, якія пацярпелі пры тушэньні пажару.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пажар на нафтабазе ў Растоўскай вобласьці ня могуць патушыць ужо другі дзень. Пацярпеў 41 пажарны