Ізраільскія вайскоўцы знайшлі на поўдні Газы целы шасьці загінулых закладнікаў

Фота шасьці загінулых закладнікаў

Армія абароны Ізраілю паведаміла пра выяўленьне шасьці целаў закладнікаў падчас апэрацыі ў раёне гораду Хан-Юніс, што ў паўднёвай частцы сэктару Газа.

Паводле зьвестак вайскоўцаў, загінулыя — Ягеў Бухштаб, Аляксандар Данцыг, Абрагам Мундэр, Ёрам Мецгер, Надаў Паплевел і Хаім Пэры. Іх абвясьцілі загінулымі яшчэ ў чэрвені і ліпені.

Мяркуецца, што ўсе пяцёра былі забітыя ў Хан-Юнісе на пачатку 2024 году, піша The Times of Israel.

Паводле зьвестак Haaretz, іх целы былі знойдзеныя ў адным з тунэляў у Хан-Юнісе. Ізраільскія вайскоўцы лічаць, што некаторыя закладнікі былі забітыя ў гэтым тунэлі, а баевікі ўцяклі пасьля ўдараў ізраільскага войска.

Пасьля ідэнтыфікацыі асобаў загінулых, праведзенай Нацыянальным інстытутам судовай мэдыцыны і паліцыяй Ізраілю, група па працы з закладнікамі ЦАХАЛ апавясьціла сем’і пра гібель іх сваякоў, гаворыцца ў паведамленьні Арміі абароны Ізраілю.

  • Вайна Ізраілю і ХАМАС пачалася 7 кастрычніка 2023 году з масаваных ракетных удараў узброеных груповак ХАМАС і «Ісламскі джыхад» (прызнаныя тэрарыстычнымі арганізацыямі ў ЗША і ЭЗ) з сэктару Газа, заходу баевікоў на тэрыторыю Ізраілю і захопу закладнікаў. У адказ Ізраіль пачаў наносіць масаваныя авіяўдары па сэктары Газа, а позна ўвечары 27 кастрычніка зайшоў буйнымі сіламі на тэрыторыю паўночнай часткі сэктару.
  • У выніку вайны ў Ізраілі загінулі ўжо каля 1200 чалавек, больш за 240 чалавек былі захопленыя баевікамі ХАМАС у якасьці закладнікаў. За час паўзы ў баявых дзеяньнях з палону вярнулі 110 чалавек, яшчэ больш за 100 застаюцца ў закладніках. Некаторыя зь іх былі завочна абвешчаныя памерлымі ізраільскімі ўладамі.
  • Як сьцьвярджае падкантрольнае ХАМАС міністэрства аховы здароўя Газы, з палестынскага боку загінулі больш за 38 тысяч чалавек, але незалежна гэтыя зьвесткі пацьвердзіць немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль заклікаў жыхароў горада на тэрыторыі сэктару Газа эвакуявацца ў сувязі з апэрацыяй супраць ХАМАС