Як даведалася аб’яднаньне вернікаў «Хрысьціянская візія», ксяндза Паўла Ярашэвіча асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула за «распаўсюд экстрэмізму» (арт. 19.11 КаАП).
Па выніках суду ксяндзу далі штраф 1200 рублёў і канфіскавалі тэлефон. Пасьля суду яго вызвалілі.
Павал Ярашэвіч быў затрыманы ў пятніцу 16 жніўня, выходныя ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.
Ксёндз Ярашэвіч — пружанскі дэкан і пробашч мясцовай парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Парафія ўваходзіць у Пінскую дыяцэзію.
У ліпені папа Рымскі прызначыў новым біскупам для Беларусі ксяндза, якога год таму затрымлівалі сілавікі. Ім стаў сьвятар зь Ліды, ксёндз Андрэй Зноска, пробашч касьцёла Божае Міласэрнасьці. Апостальская нунцыятура ў Беларусі паведаміла, што ксяндза Андрэя Зноску прызначылі дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі. Якраз там служыць ксёндз Ярашэвіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі ксяндза з Пружанаў Паўла Ярашэвіча- Пасьля 2020 году праз палітычны перасьлед рэжыму Лукашэнкі прайшлі больш за 60 беларускіх сьвятароў. Многіх затрымлівалі за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў», давалі «суткі» або штрафы. На некаторых завялі крымінальныя справы.
- На 16 гадоў калёніі асудзілі праваслаўнага сьвятара Сяргея Разановіча ў «справе Аўтуховіча», разам зь ім асудзілі ягоных жонку і сына. Восем месяцаў застаецца за кратамі цяжка хворы ксёндз Генрых Акалатовіч з Валожына. Яго вінавацяць у «здрадзе дзяржаве». Дэталі справы невядомыя. На ксяндза Дзьмітрыя Прыступу з Баранавічаў завялі крымінальную справу за тое, што ён «пракаціў» на капоце амапаўца ў першыя дні пратэстаў. Прыступа пасьпеў выехаць зь Беларусі.
- Больш за дзесяць хрысьціянскіх сьвятароў выехалі зь Беларусі праз палітычны перасьлед з 2020 году. Сярод іх ксёндз-паляк Анджэй Бульчак, які 14 гадоў служыў у Паставах і пабудаваў там касьцёл. Таксама праваслаўныя сьвятары айцец Георгі Рой і Аляксандар Кухта, якія выйшлі з-пад юрысдыкцыі Масквы і якіх узяў «пад крыло» Канстантынопаль.
- Рэжым Лукашэнкі зьнішчыў пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё» ў Менску, а будынак, прыстасаваны да малітваў, разбурыў. Пастара Вячаслава Ганчарэнку выклікалі на допыты і адпраўлялі ў ізалятар.
- Пасьля таямнічага начнога лякальнага пажару закрылі Чырвоны касьцёл, сымбаль каталікоў і візытоўку Менску.