У Нямеччыне абверглі паведамленьні пра абмежаваньне дапамогі Ўкраіне

Сьцягі Нямеччыны і Эўразьвязу, ілюстрацыйнае фота.

Урад ФРН абверг паведамленьні пра тое, што фінансавая дапамога Ўкраіне ў наступным годзе будзе абмежаваная з унутрыпалітычных меркаваньняў і з прычыны праблем з фэдэральным бюджэтам.

Пра гэта інфармуе DW.

«Нямеччына застаецца абсалютна адданая сваёй справе, і словы канцлера пра тое, што падтрымка Ўкраіны будзе працягвацца столькі, колькі спатрэбіцца, і што ніхто, асабліва расейскі прэзыдэнт, ня можа спадзявацца, што мы аслабім гэтыя намаганьні, застаюцца ў сіле», — падкрэсьліў у панядзелак, 19 жніўня, намесьнік афіцыйнага прадстаўніка ўраду ФРН Вольфганг Бюхнэр у Бэрліне.

Гэтую заяву ён зрабіў на фоне паведамленьняў у прэсе, што ў 2025 годзе дапамога Ўкраіне з боку Нямеччыны з прычыны праблем зь бюджэтам не перавысіць ужо заплянаваныя на гэта 4 млрд эўра.

Больш адпавядае рэчаіснасьці сьцьвярджэньне, што «ў нашым удзеле і нашай рашучасьці нічога ня зьменіцца», — сказаў Бюхнэр. Пры гэтым ён назваў «ганебнымі» спэкуляцыі наконт таго, што напярэдадні выбараў зямельных парлямэнтаў (ляндтагаў) на ўсходзе ФРН фэдэральны ўрад хоча паслаць сыгнал аб тым, што фінансавая дапамога Ўкраіне будзе абмежаваная.

Як паказваюць апытаньні грамадзкай думкі, многія жыхары ўсходніх фэдэральных зямель Нямеччыны скептычна ставяцца да ідэі паставак Украіне ўзбраеньняў і павелічэньня дапамогі гэтай краіне з боку ФРН і выступаюць за больш хуткі пачатак мірных перамоваў паміж Масквой і Кіевам.

Сьцьвярджэньне, што Ўкраіна атрымае менш падтрымкі ад Нямеччыны «з прычыны нейкіх унутрыпалітычных аспэктаў», — ілжывае, заявіў Вольфганг Бюхнэр. У той жа час ён указаў на пляны «дабіцца міжнароднага фінансаваньня дапамогі Ўкраіне з 2025 году».

Пры гэтым, як піша DW, маецца на ўвазе рашэньне краін «Вялікай сямёркі» выкарыстоўваць сродкі, атрыманыя ад замарожаных расейскіх актываў, як гарантыі для прадстаўленьня Ўкраіне крэдытаў на агульную суму 50 млрд эўра. «Мы інтэнсіўна працуем над гэтым», — сказаў прадстаўнік ураду ФРН. Плянуецца, што гэтыя сродкі ад актываў РФ будуць даступныя ў 2025 годзе, удакладніў ён.

Бюхнэр таксама абверг паведамленьні пра тое, што пастаўкі ва Ўкраіну некаторых відаў узбраеньняў, напрыклад сыстэмы СПА IRIS-T SLM, цяпер прыпыненыя зь фінансавых прычын. «Гэта ілжывае паведамленьне», — сказаў прадстаўнік ураду.

Сёлета Кіеву павінны былі быць пастаўленыя зь Нямеччыны чатыры зэнітна-ракетныя комплексы IRIS-T SLM, а таксама дзесяць самаходных зэнітных установак Gepard, 16 самаходных гаўбіц, 10 танкаў Leopard, баявыя бесьпілётнікі і некалькі тысяч артылерыйскіх і танкавых снарадаў.

  • У суботу, 17 жніўня, зьявіліся паведамленьні, што пасьля прыняцьця новага бюджэтнага пляну ўрад ФРН дзеля эканоміі ня будзе вылучаць дадатковых сродкаў для дапамогі Ўкраіне. Пра гэта паведаміла газэта Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung са спасылкай на дакумэнты і крыніцы.
  • Ужо ўхваленыя пастаўкі зброі будуць ажыцьцяўляцца, дазвол на новыя заказы ня будзе выдадзены. Адпаведную просьбу выказаў міністар фінансаў Крыстыян Лінднэр у лісьце, накіраваным 5 жніўня міністру абароны Борысу Пісторыюсу і міністру замежных спраў Анналене Бэрбак.
  • У лісьце гаварылася, што новая дапамога павінна будзе выдзяляцца толькі ў тым выпадку, калі ў бюджэтных плянах на бягучы і будучыя гады будзе гарантавана яе фінансаваньне. Пры гэтым будзе неабходна «захоўваць максымальныя межы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына ня будзе вылучаць новых сродкаў для дапамогі Ўкраіне