Рост адбыўся за кошт правядзеньня групавых судоў у дачыненьні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году ў рэгіёнах Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцей, адзначаюць праваабаронцы.
Паводле папярэдніх зьвестак, за ліпень паводле палітычных крымінальных спраў у Беларусі асудзілі 170 чалавек, сярод якіх 36 жанчын і 134 мужчыны.
Для параўнаньня: паводле зьвестак праваабаронцаў, у чэрвені паводле палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі асудзілі сама меней 146 чалавек (на 16,4% менш у параўнаньні зь ліпенем), у траўні — 145 чалавек, у красавіку — 161 чалавек, у сакавіку — 165 чалавек, у лютым — 129 чалавек, у студзені — 120 чалавек.
Найбольш крымінальных працэсаў у ліпені прайшло ў Менску — 78, за ім Берасьцейская вобласьць — 35 чалавек, Горадзенская — 21 , Гомельская — 16 , Менская — 5 , Магілёўская — 12 , Віцебская — 3.
Праваабаронцы таксама адзначаюць, што ў Беларусі сталі больш актыўна выкарыстоўваць практыку «спэцвядзеньня» і завочных судоў. У ліпені ў завочным парадку асудзілі сама меней 28 чалавек.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, з 170 асуджаных каля ста крымінальных спраў (59%) утрымлівалі ў абвінавачаньні «народны» артыкул 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх), які звычайна ўжываюць для перасьледу ўдзельнікаў акцыяў пратэсту ў 2020 годзе. Паводле гэтага артыкула судзілі цэлыя сем’і і групы сваякоў, адзначае «Вясна».
Таксама праваабаронцам вядомыя сама меней 8 выпадкаў судоў над палітвязьнямі, якіх паўторна прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці. Супраць палітвязьняў працягваюць ужываць і дадатковы ціск унутры пэнітэнцыярнай сыстэмы, сыстэматычна перасьледуючы іх паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае пакараньне за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».
- У ліпені ў Беларусі асудзілі двух журналістаў: 31 ліпеня Магілёўскі абласны суд асудзіў Яўгена Глушкова і Аляксандра Сабалеўскага на тры і чатыры гады пазбаўленьня волі адпаведна, а таксама пастанавіў спагнаць зь іх штрафы.
- Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер за кратамі ў Беларусі 37 прадстаўнікоў мэдыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы «Вясны» апублікавалі статыстыку чатырох гадоў масавых рэпрэсіяў