Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў і перадаў на разгляд парлямэнту праект закону аб забароне публічных закупак у кампаніях, зьвязаных зь Расеяй, Беларусьсю і Іранам для аднаўленьня краіны ў пасьляваенны пэрыяд.
Апроч таго, як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ўраду Украіны, законапраект прадугледжвае ўкараненьне нормаў Эўразьвязу ў працэс публічных закупак (тэндэраў).
«Ухваленьне гэтага закону дазволіць увесьці новыя эфэктыўныя інструмэнты, якія ўжо працуюць у ЭЗ. Гэта дазволіць нам павялічыць эфэктыўнасьць выдаткаў дзяржаўных сродкаў, а таксама лепш плянаваць і рэалізоўваць працэс закупак», — патлумачыла намесьніца міністра эканомікі Ўкраіны Надзея Бігун.
Паводле яе, сярод шэрагу зьмен да працэдуры публічных закупак — заборона купляць тавары і паслугі ў кампаній, зьвязаных з Расеяй, Беларусьсю і Іранам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіну праз Польшчу ўвозілі трактары МТЗ, але мытня адмовілася іх аформіць з прычыны санкцый. Што было далей- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.