Суд Кастрычніцкага раёну Горадні прызнаў несапраўднай угоду аб продажы кватэры, якая належала беларусцы, падазраванай у так званай экстрэмісцкай дзейнасьці. Рашэньне ўхвалілі пасьля таго, як пракуратура падала пазоў з патрабаваньнем ануляваць продаж. Прозьвішча жанчыны не называюць.
Паводле інфармацыі Генпракуратуры Беларусі, жанчына, якую падазраваюць у садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 1 арт. 361-4 КК), стала фігуранткай крымінальнай справы ў сьнежні 2023 году. Перад гэтым яна пакінула Беларусь.
Ведамства адзначае, што ў 2021 годзе жанчына выдала брату даверанасць на продаж сваёй кватэры. У сакавіку 2023 году брат прадаў гэтую кватэру іхнаму бацьку за сымбалічную суму — тры тысячы рублёў. Пракуратура палічыла, што ўгода была фіктыўнай, накіраванай на тое, каб пазьбегнуць канфіскацыі маёмасьці.
Суд падтрымаў пазоў пракуратуры і ануляваў угоду. Рашэньне набыло моц. У выніку Сьледчы камітэт наклаў арышт на кватэру, фармальна —для «гарантаваньня магчымай канфіскацыі і спагнаньня сродкаў, атрыманых незаконным шляхам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вярнуць канфіскаваную маёмасьць? Ці палічыць суд трэцяга ўладальніка кватэры Ціханоўскіх «нядобрасумленным пакупніком»? Адказы юрыстаў