Дэмакратычная партыя зацьвердзіла Камалу Гарыс кандыдаткай на пасаду прэзыдэнта ЗША

Камала Гарыс. Архіўнае фота

За гэта прагаласавалі 99% дэлегатаў перадвыбарнага зьезду ў Чыкага.

Дэмакратычная партыя ЗША афіцыйна вылучыла Камалу Гарыс кандыдаткай на пасаду прэзывдэнта краіны.

Гарыс атрымала 4567 галасоў дэлегатаў, ці 99% ад іх колькасьці.

«Для нас вялікі гонар быць вашымі кандыдатамі. Гэта кампанія, якой рухаюць людзі, і разам мы азначым новы шлях наперад», — сказала Гарыс, выступаючы разам са сваім патэнцыйным намесьнікам Тымам Уолзам, празь відэасувязь.

Галасаваньне праходзіла на нацыянальным зьездзе Дэмакратычнай партыі ў Чыкага 20 жніўня ўвечары. Гарыс і Ўолз у той жа вечар праводзілі перадвыбарны мітынг у Мілуўокі.

У падтрымку Гарыс на зьезьдзе выступілі былы прэзыдэнт ЗША Барак Абама і ягоная жонка Мішэль Абама, якая карыстаецца падтрымкай сярод выбарнікаў-дэмакратаў.

«Амэрыка, надзея вяртаецца», — намякнула Мішэль Абама на перадвыбарную кампанію свайго мужа.

«Нам не патрэбна яшчэ чатыры гады пустаслоўя, нязграбнасьці і хаосу. Мы ўжо бачылі гэты фільм, а ўсе мы ведаем, што сіквэл звычайна бывае горшы», — іранізаваў Барак Абама, кажучы пра кандыдата ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа.

Таксама на сцэну запрасілі рэспубліканцаў — у прыватнасьці, Стэфані Грышэм, якая некалькі месяцаў была прэс-сакратаром Трампа ў Белым доме. Грышэм расказала, як прайшла шлях ад «шчырай верніцы» ў Трампа да першай высокапастаўленай супрацоўніцы Белага дома, якая падала ў адстаўку пасьля нападу яго прыхільнікаў на Капітолій у студзені 2021 году.

6 жніўня віцэ-прэзыдэнтка ЗША Камала Гарыс, якая цяпер прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта краіны ад дэмакратаў, выбрала ў якасьці кандыдата ў віцэ-прэзыдэнты на лістападаўскіх выбарах губэрнатара Мінэсоты Тыма Ўолза.

Выбары ў ЗША пройдуць 5 лістапада 2024 года.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн на зьезьдзе Дэмакратычнай партыі ЗША: «Мы ніколі ня схілімся перад Пуціным»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп і Гарыс уступілі ў палеміку ў новым вітку перадвыбарнай гонкі ў ЗША