Разгляд справы аб дывэрсіі ў Мачулішчах распачаўся 19 жніўня ў Менскім гарадзкім судзе, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».
Сярод падсудных 12 чалавек: Максім Лапацін, Андрэй Сцяпурка, Алег Сычоў, Дзяніс Сакалоў, Аляксандар Азараў, Яўгенія Тачыцкая, Міхаіл Дзёмін, Сяргей Лапароў, Анастасія Пілько, Віталь Якуцік, Ала Яцута і Мікалай Швец.
Частка зь іх (Азараў, Тачыцкая, Лапароў, Якуцік, Яцута, Дзёмін, а таксама меркаваны ўкраінскі дывэрсант Швец, перададзены Ўкраіне) не знаходзяцца ў Беларусі, іх судзяць завочна.
Усіх абвінавачваюць паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 3614 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці),
- ч. 1 арт. 2901 («Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці»),
- ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»), ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»),
- ч. 1 арт. 358 («Агентурная дзейнасьць»),
- ч. 4 арт. 309 («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін»),
- ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»),
- ч. 3 арт. 3611 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня»),
- ч. 2 арт 361 («Фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня»),
- ч. 4 арт. 295 («Незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў»),
- ч. 3 арт. 290 («Праходжаньне навучаньня або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасьці»).
Судзяць абвінавачаных у закрытым рэжыме. Справу разглядае Валянціна Зянькевіч. Галоўны фігурант справы і, як сцвярджалі афіцыйныя органы і прапагандысты, выканаўца дывэрсіі — Мікалай Швец, быў вызвалены ў чэрвені па абмене з Украінай. Але, нягледзячы на гэта, па справе адбываецца суд і яго падсудным у Беларусі пагражаюць вялікія тэрміны зьняволеньня. Завочна судзяць і самога Швяца.
У ліпені 2023 году кіраўнік аб’яднаньня былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol Аляксандар Азараў паведаміў, што пашкоджаньне на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Менскам рэдкага і дарагога расейскага самалёта далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50 было апэрацыяй ByPol і Службы бясьпекі Ўкраіны (адбылося 26 лютага 2023 году).
Першапачаткова ByPol заявіў, што гэта вынік апэрацыі ўдзельнікаў пляну «Перамога», якія выкарыстоўвалі дроны-камікадзэ і пасьля апэрацыі пакінулі Беларусь.
КДБ паведаміў пра затрыманьне больш за 20 чалавек, у тым ліку нібыта непасрэднага выканаўцу Мікалая Швеца, які быў названы агентам украінскай спэцслужбы. Ведамства заявіла, што фігурантам крымінальнай справы аб нападзе на самалёт выстаўлена абвінавачаньне па ч. 3 арт. 289 КК.
Кіраўнік СБУ Васіль Малюк публічна прызнаў датычнасьць службы да дывэрсіі 25 сакавіка 2024 году.
Сёлета ў чэрвені гэтага году асуджанага Швяца абмянялі на мітрапаліта Ёнатана (Анатоль Ялецкіх), які належыць да Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Ва Ўкраіне ён адбываў тэрмін за апраўданьне расейскай агрэсіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брата затрыманага ў справе дывэрсіі ў Мачулішчах Максіма Лапаціна вінавацяць у «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паліграф доўжыўся больш за гадзіну». Што вядома пра справу падрыву самалёта ў Мачулішчах праз 8 месяцаў