37-гадовая Кацярына Васільева пяць месяцаў таму нарадзіла дзіця, дачку Васілісу. Акторка жыла ў Маскве са сваім мужам, таксама беларусам Дзьмітрыем Вароніным.
У сваім паведамленьні пра сьмерць акторкі, якая здарылася яшчэ 15 жніўня, Малы тэатар не паведаміў нічога аб прычыне. Але газэта «КП» са спасылкай на вэрсію, што зьявілася ў сеціве, адзначыла, што беларуска магла загінуць у мэтро. Бо ў гэты самы дзень адтуль прыйшло паведамленьне пра няшчаснае здарэньне на станцыі «Першамайская» Арбацка-Пакроўскай лініі: жанчына ўпала з плятформы пад цягнік.
Пацярпелую зь цяжкімі траўмамі даставілі ў лякарню, дзе яна памерла. Жанчына таксама была зь Беларусі і ў яе нядаўна нарадзілася дзіця. Адсюль і зьявілася вэрсія, што загінулая — Кацярына Васільева.
Дырэктарка Малога тэатру Тамара Міхайлава адзначыла, што пакуль ня ведае, дзе пахаваюць акторку. Сужэнцы зь Беларусі, і магчыма, што яны вырашаць праводзіць пахаваньне на радзіме.
Васільева ўдзельнічала ў сумесных праектах Малога тэатру і Саюзу тэатраў Эўропы, на працягу некалькіх гадоў выкладала ў роднай вучэльні імя Шчэпкіна.
У Малым тэатры беларуска служыла з 2011 году, за гэты час выканала 15 роляў. Іграла ў такіх спэктаклях як «Недоросль», «Не было ни гроша, да вдруг алтын», «Молодость Людовика XIV», «Сказка о царе Салтане», «Власть тьмы», «Горе от ума».
Разьвітаньне з акторкай адбудзецца 20 жніўня ў фае гістарычнай сцэны тэатру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнілі дырэктарку аднаго з папулярных менскіх тэатраў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі звольнілі дырэктара Гомельскага тэатру лялек