Лукашэнка ў інтэрвію расейскім прапагандыстам паўтарыў тэзы Пуціна і выказаўся пра ўкраінскіх уцекачоў

Лукашэнка ў час размовы з расейскім тэлеканалам

Апублікаваная больш падрабязная вэрсія размовы палітыка з тэлеканалам «Россия».

Асобна ў Аляксандра Лукашэнкі спыталі пра баявыя дзеяньні, што распачаліся ў Курскай вобласьці Расеі, дзе Ўкраіна ўзяла пад кантроль дзясяткі населеных пунктаў. Ён заявіў, што пагаджаецца з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным у словах пра тое, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі спрабуе «павысіць стаўкі». На думку Лукашэнкі, пасьля баёў на Куршчыне «ніхто на перамовы з Украінай ня пойдзе».

Таксама Лукашэнка паўтарыў стары наратыў Пуціна пра тое, што Расея нібыта «яшчэ не пачынала па-сапраўднаму ваяваць». Пры гэтым міжнародныя назіральнікі за вайной, у прыватнасьці, Інстытут вывучэньня вайны неаднаразова паведамляў пра недахоп узбраеньняў на некаторых участках, пра пільную патрэбу прызываць у расейскае войска зьняволеных, у тым ліку за цяжкія злачынствы. Таксама вялікія праблемы расейцаў на фронце прымушаюць іх вэрбаваць у войска іншаземцаў, часта пад хлусьлівымі легендамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Індыі ў Маскве дамаўляўся пра вяртаньне індыйскіх кантрактнікаў на радзіму

Акрамя таго, Лукашэнка заявіў пра тое, што Польшча і астатнія заходнія партнэры Ўкраіны нібыта ловяць «ухілянтаў» — украінскіх мужчынаў і адпраўляюць іх на фронт. Пры гэтым насамрэч шэраг урадаў сьвету, у тым ліку польскі, раней заявіў, што ня мае права на такія дзеяньні. Украіна сама абмежавала грамадзянам прыхыўнога веку магчымасьць абнавіць пашпарт і іншыя дакумэнты, каб тыя мелі канечную патрэбу прыезду ва Ўкраіну і адказу перад вайсковым камісарыятам.

Беларускі палітык адзначыў, што пасьля сутыкненьня з праблемамі на Захадзе многія ўкраінцы «паехалі бы ў Расею, але там фронт, і таму яны едуцьу Беларусь». Ён расказаў пра сем'і зь дзецьмі, якія быццам масава прыяжджаюць схавацца ад вайны ў Беларусі. Пры гэтым Лукашэнка ні словам не згадаў прымусовы вываз украінскіх дзяцей з акупаваных расейцамі тэрыторый Украіны, у чым актыўны ўдзел бяруць Аляксей Талай, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя падначаленыя яму людзі і арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбар бяз выбару. Як украінскія дзеці трапляюць у Беларусь на «адпачынак» і чым тут займаюцца 

Пры гэтым Лукашэнка ў некалькіх сказах супярэчыў сам сабе. Спачатку пацьвердзіў словы расейскага прапагандыста пра тое, што ў Беларусь быццам бягуць тыя, хто хаваецца ад службы ў войску, а затым заявіў, што гэтыя людзі «бягуць на Захад».

«З імпэрыяй жа немагчыма ваяваць», — сказаў Лукашэнка, гаворачы пра супрацьстаяньне ўкраінцаў з Расеяй.

Вайна Расеі супраць Украіны ідзе з 2014 году, зь лютага 2022 — яе актыўная поўнамаштабная фаза.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія рэзэрвы Пуціна. Ці абыдуцца пад Курскам бяз войскаў Лукашэнкі?