У Францыі ва ўзросьце 88 гадоў памёр культавы актор тэатра і кіно Ален Дэлён. Пра гэта агенцтву AFP паведамілі яго дзеці. Дэлён быў адной з галоўных кіназорак пакаленьня 1960-1980-х гадоў.
Ален Дэлён зьняўся ў больш чым 70 фільмах. У яго не было прафэсійнай акторскай адукацыі — паводле яго слоў, ён вучыўся на здымачнай пляцоўцы.
Самыя вядомыя ролі Алена Дэлёна ў фільмах «Чорны туліпан», «Тры крокі да трызьненьня», «Зора», «Паліцэйская гісторыя», «Тэгеран-43», «Траіх трэба забіць», «Змагар» («Неўтаймоўны»).
За лепшую мужчынскую ролю ў фільме «Наша гісторыя» ён атрымаў кінапрэмію «Сэзар». Дэлён — афіцэр ордэну Ганаровага легіёну.
Дэлён таксама выступіў рэжысэрам трох і прадусарам больш за трыццаці фільмаў, пісаў сцэнары, спрабаваў сябе як сьпявак.
Некалькі гадоў актор змагаўся з ракам, таксама ў яго была дыягнаставана хвароба Альцгеймера. Дэлён памёр у сябе дома, у атачэньні сям’і, паведамілі яго родныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Той самы Мюнхгаўзэн, той самы Скарына. Беларускія сьляды Алега Янкоўскага