Хроніка перасьледу: у Менску асудзілі буйнога бізнэсоўца за ўдзел у пратэстах і данаты

Ягор Волкаў.

У Беларусі працягваюцца затрыманьні і суды паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў.

Суды па крымінальных справах

Стала вядома, што 55-гадоваму бізнэсоўцу Ягору Волкаву прысудзілі тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі. Яго абвінавацілі ў данатах і ўдзеле ў мірным сходзе па арт. 361-2 (фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня) і арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу.

Прысуд Ягору Волкаву ў Менскім гарадзкім судзе вынесла судзьдзя Тамара Ўнукевіч. Дата затрыманьня Волкава невядомая.

Ягору Волкаву 55 гадоў. Ён мянчук, вучыўся ў 50-й школе. Пасьля скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут (цяпер — Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі). З 1990-х Волкаў займаецца бізнэсам. Вядома, што яго сфэра — грузаперавозкі, у тым ліку вадкія грузы. Паводле праваадарончага цэнтру «Вясна», бізнэс Ягора Волкава даволі буйны, аўтапарк яго фірмы — да сотні грузавых аўтамабіляў.

20 жніўня суд Савецкага раёну Менска пачне разгляд крымінальнай справы 29-гадовага мастака Максіма Калоўскага па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Пра гэта паведамляе агенцтва «Позірк».

Затрыманьні

Паводле «Медиазоны», сілавікі затрымалі жыхара Менску. На відэазапісе, распаўсюджаным набліжаным да сілавікоў рэсурсам, мужчына кажа, што ў 2020 годзе браў удзел у нядзельных маршах, вёў фота- і відэаздымку, адпраўляў матэрыял у «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, у камэнтарах абражаў прадстаўнікоў улады.

26-гадовы Ілля Каратышэўскі затрыманы за ўдзел у акцыі пратэсту ў Брэсце 10 жніўня 2020 года. Раней за тое самае быў затрыманы яго сябар, інфармуе праваабарончы цэнтар «Вясна».

За ўдзел у акцыі пратэсту, паводле «Медиазоны» затрыманы жыхар Бярозы (Берасьцейкая вобласьць), які ў сацыяльных сетках падпісаны як Вадзім Залаты. Вядома, што ён вярнуўся з Польшчы.

  • Паводле стану на 9 жніўня 2024 году ў Беларусі было 1385 палітвязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка памілаваў 30 асуджаных за «злачынствы пратэставай накіраванасьці»