Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Белага дому, перадае «Голас Амэрыкі».
«Уладзімір правёў два з паловай гады ў несправядлівым зьняволеньні ў Расеі за тое, што выступаў супраць вайны ва Ўкраіне. Сёньня яго сям’я ізноў разам», — напісаў Байдэн у сацсетцы X.
Былы палітвязень Уладзімір Кара-Мурза быў вызвалены 1 жніўня ў рамках маштабнага абмену зьняволенымі паміж краінамі Захаду, Расеяй і Беларусьсю.
Раней у інтэрвію The Washington Post расейскі апазыцыйны палітык выказаў меркаваньне, што пасьля падзеньня пуцінскага рэжыму расейскі народ чакае вялікая праца над памылкамі.
Паводле яго слоў, найважнейшай задачай стане лячэньне і асьвета расейскага грамадзтва ў дачыненьні да падзей, якія адбыліся, а таксама неабходнасьць у грамадзкай адказнасьці за тое, што адбылося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нас ніхто не пытаўся». Перад абменам Кара-Мурза і Яшын адмовіліся падпісваць прашэньне аб памілаваньні ПуцінуЗа свае артыкулы аб дэмакратычнай будучыні Расіі, якія Кара-Мурза, знаходзячыся ў турме, напісаў для Washington Post, у траўні гэтага года палітык атрымаў Пулітцэраўскую прэмію.
У Расеі Кара-Мурза адбываў 25-гадовы тэрмін па абвінавачваньнях у дзяржаўнай здрадзе, супрацоўніцтве з непажаданай арганізацыяй і распаўсюджваньні недакладнай інфармацыі аб расейскім войску. Ён і ягоныя прыхільнікі ўпэўненыя, што яго перасьледвалі выключна за палітычную і грамадзянскую пазыцыю.
Amnesty International прызнала яго вязьнем сумленьня, «Мэмарыял» — палітвязьнем. У 2015 і 2017 гадах Кара-Мурза трапляў у шпіталь з цяжкімі захворваньнямі. Яго стан здароўя ацэньваўся лекарамі як крытычны, ён і яго прыхільнікі ўпэўненыя, што яго спрабавалі забіць.
У Кара-Мурзы апроч расейскага і брытанскага грамадзянства ёсьць амэрыканская грын-карта.
- 1 жніўня паміж Расеяй і некалькімі заходнімі краінамі на чале з ЗША адбыўся абмен вязьнямі. У яго межах у Расею вярнуліся 8 агентаў спэцслужбаў і двое дзяцей, на Захад трапілі некалькі амэрыканцаў, у тым ліку журналістка татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашава і група расейскіх апазыцыянэраў, усяго 16 чалавек.