Аляксандар Лукашэнка сёньня падпісаў Указ аб памілаваньні 30 асобаў, асуджаных «за злачынствы пратэставай накіраванасьці».
У паведамленьні гаворыцца, што ў ліку памілаваных 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворваньні.
Таксама паведамляецца, што ў ліку памілаваных ёсьць асобы пэнсійнага веку.
Кантроль за выкананьнем такіх абавязаньняў Лукашэнка даручыў Міністэрства ўнутраных спраў.
Апошнімі днямі праваабаронцы атрымліваюць сьведчаньні, што палітвязьняў масава прымушаюць пісаць прашэньні аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Гэта адбываецца ў розных месцах няволі па ўсёй краіне.
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал праваабарончага цэнтру «Вясна».
У ліпені «Вясна» паведамляла, што ў наваполацкую калёнію № 1 кожны дзень прыяжджаюць прадстаўнікі менскай пракуратуры, якія прымушаюць палітвязьняў пісаць прашэньні аб памілаваньні.
Таксама ў апошнія тыдні актывізаваўся Юры Васкрасенскі — ён тэлефануе родным палітвязьняў і расказвае ім пра ўмовы і акалічнасьці памілаваньня, агітуючы, каб іх сваякі за кратамі напісалі прашэньне на імя Лукашэнкі.
Наконт сёньняшніх памілаваньняў выказалася дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская:
«Я вельмі радая вызваленьню шэрагу палітвязьняў. Я радая, што сем'і нарэшце ўзьяднаюцца — і ў тых, хто не бачыў адно аднаго тыднямі, месяцамі і гадамі, нарэшце зьявіцца магчымасьць абняцца і паразмаўляць...
Рэальнасць такая, што затрыманьні ў Беларусі працягваюцца – і колькасьць палітвязьняў расце. Больш за 1400 чалавек па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі па палітычна матываваных справах. І ёсьць тыя, хто прыме рашэньне не пагаджацца на ўмовы, а таксама тыя, каму іх ніколі не прапануюць. Таму мы працягнем быць іхнімі галасамі і рабіць усё, што ў нашых сілах, каб кожны з гэтых людзей як мага хутчэй апынуўся на волі».
За шырмай «памілаваньняў» важна не забываць, што рэпрэсіі за апошнія месяцы толькі павялічваюцца. Пра гэта заявіў інфармацыйнаму агенцтву «Позірк» намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК), кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) Павал Латушка з нагоды абвешчанага сёньня памілаваньня.
Пры гэтым Латушка падкрэсьліў важнасьць факту, што на волю выйдзе 30 палітвязьняў: «Для нас прыярытэтам былі і заўсёды будуць зьяўляцца свабода, жыцьцё і здароўе кожнага палітвязьня».
Латушка сказаў, што «Лукашэнка „памілаваў“ незаконна асуджаных людзей, нельга забываць, што ён ня меў права саджаць іх у турмы». «Нельга спыняць ціск, пакуль не вызваленыя ўсе палітвязьні», — заявіў палітык.
- На пачатку ліпеня праваабаронцы паведамілі пра вызваленьне 18 палітвязьняў. Адзін зь іх — асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі былы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Пасьля стала вядома пра выхад на волю Дар’і Лосік, Тамары Астрэйкі, Сьвятланы Лупач, Кацярыны Мадзянковай і Паліны Палавінкі.
- Паводле стану на 9 жніўня 2024 году ў Беларусі было 1385 палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы «Вясны» апублікавалі статыстыку чатырох гадоў масавых рэпрэсіяў