Міністры Паўночнай Эўропы зьвярнуліся ў Эўракамісію ў сувязі са спрашчэньнем уезду для беларусаў і расейцаў у Вугоршчыну

Віктар Орбан, прэм'ер-міністар Вугоршчыны

Міністры краінаў Паўночнай Эўропы і Балтыі зьвярнуліся да эўракамісара ва ўнутраных справах Ільвы Югансан у сувязі са спрашчэньнем патрабаваньняў да ўезду ў Вугоршчыну грамадзян Беларусі і Расеі.

Пра гэта паведаміў кіраўнік МЗС Эстоніі Маргус Цахкна, піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

У звароце зазначаецца, што Расея ня толькі працягвае вайну з Украінай, але і ўзмацняе агрэсіўныя гібрыдныя атакі, якія ўключаюць акты гвалту, дывэрсіі, правакацыі на мяжы і выкарыстаньне мігрантаў супраць краінаў ЭЗ.

У сувязі з гэтым міністры выказалі занепакоенасьць рашэньнем Будапэшту, адзначыўшы, што яно можа стварыць «сур’ёзную рызыку бясьпекі» для ўсіх краінаў — чальцоў ЭЗ.

Зварот падпісаны кіраўнікамі МЗС і МУС Даніі, Эстоніі, Фінляндыі і Ісьляндыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўропе заклікаюць увесьці кантроль на межах з Вугоршчынай пасьля таго, як яна спрасьціла ўезд для беларусаў і расейцаў

30 ліпеня стала вядома, што ўрад Вугоршчыны ўключыў грамадзян Беларусі і Расеі ў праграму «Нацыянальная карта», якая дазваляе працаваць у краіне да двух гадоў. Карта даступная асобам, зацікаўленым у працы або вядзеньні бізнэсу ў Вугоршчыне. У параўнаньні з працоўнай і бізнэсовай візамі яна дае шэраг перавагаў, у тым ліку права на ўзьяднаньне сям’і, на сталае месца жыхарства праз 3 гады. Правёўшы яшчэ восем гадоў у Вугоршчыне, сталыя жыхары могуць прэтэндаваць на атрыманьне грамадзянства.

Навінавы партал Redaktionsnetzwerk Deutschland (RND) паведаміў, што на эўрапейскім узроўні не існуе спэцыяльнай працэдуры праверкі для ўладальнікаў нацыянальных картаў, што выклікала занепакоенасьць у суседніх з Вугоршчынай краінаў. Паводле інфармацыі RND, увесну вугорскі ўрад абвясьціў, што чакае каля 65 тыс. замежных працаўнікоў.

  • Вугоршчына застаецца адзінай краінай Эўразьвязу, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Менскам. Як чалец ЭЗ краіна была вымушаная далучыцца да санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, але прадстаўнікі вугорскіх уладаў неаднаразова заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзеньне.