Сырскі заявіў, што УСУ кантралююць у Курскай вобласьці 82 населеныя пункты, там стварылі ўкраінскую камэндатуру

Разьбітая ўкраінскімі вайскоўцамі калёна грузавікоў арміі РФ у Суджанскім раёне Курскай вобласьці Расеі, 9 жніўня 2024 году

Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандар Сырскі заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы кантралююць у Курскай вобласьці 82 населеныя пункты на плошчы 1150 квадратных кілямэтраў.

Пра гэта ён сказаў на пасяджэньні стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага. Расея пакуль не камэнтавала гэтую інфармацыю.

Сырскі сьцьвярджае, што ўкраінскае войска прасунулася ўглыб рэгіёна на 35 кілямэтраў. На кантраляванай украінскімі вайскоўцамі тэрыторыі створаная ўкраінская камэндатура, якой будзе кіраваць генэрал-маёр Эдуард Маскалёў, сказаў Сырскі. Паводле яго слоў, такое рашэньне прынятае «для захаваньня правапарадку і забесьпячэньня першачарговых патрэбаў насельніцтва».

Па словах Сырскага, Узброеныя сілы Ўкраіны сёньня прасунуліся на розных кірунках у Курскай вобласьці на адлегласьць ад 500 мэтраў да 1,5 кілямэтраў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў пра далейшае прасоўваньне ўкраінскага войска ў Курскай вобласьці Расеі.

«Ёсьць новае прасоўваньне, ёсьць новае папаўненьне нашага абменнага фонду. Таксама генэрал Сырскі далажыў пра завяршэньне вызваленьня гораду Суджа ад расейскіх вайскоўцаў. І там цяпер ствараецца ўкраінская вайсковая камэндатура. Вызваленыя таксама і яшчэ некалькі населеных пунктаў. Усяго ўжо больш за 80», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

У той жа час, паводле яго, расейскія войскі працягваюць штурмаваць пад Тарэцкам і Пакроўскім. «Найбольш там расейскіх штурмаў цяпер, і максымум нашай увагі. Прыярытэтныя пастаўкі — менавіта туды. Усё, што цяпер неабходна», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.

У Расеі заявілі, што трэба павялічваць бясьпеку ў трох памежных рэгіёнах

Міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў правёў чарговую нараду з пытаньняў бясьпекі насельніцтва і аб’ектаў інфраструктуры на памежных тэрыторыях у Курскай, Бранскай і Белгарадзкай абласьцях.

Як паведамілі ў Міністэрстве абароны Расеі, на нарадзе прадстаўнік Генэральнага штабу агучыў плян павышэньня эфэктыўнасьці сыстэмы кіраваньня войскамі пры ўзаемадзеяньні зь іншымі сілавымі ведамствамі і цывільнымі адміністрацыямі.

Расейскія СМІ пераконваюць, што ў Суджы працягваюцца баі, а ўкраінскія вайскоўцы кантралююць толькі частку гэтага гораду.

Міністэрства абароны Расеі таксама заявіла, што расейская армія 15 жніўня працягвае «адбіваць спробу ўварваньня ўСУ на тэрыторыю РФ»: адбітая атака ЎСУ ў напрамку Крамянога; «спыненыя спробы прарыву» ў раёнах Варвараўкі, Сафонаўкі, Шаптухоўкі, Каўчуку, Аляксееўскага і Мацьвееўкі; адноўлены кантроль над населеным пунктам Крупец.

Расейская армія таксама наносіла ўдары «па рэзэрвах УСУ, складах боепрыпасаў і матэрыяльных сродкаў» у раёнах Юнакаўкі, Хацені і Кандратаўкі Сумскай вобласьці, гаворыцца ў паведамленьні міністэрства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Расея занепакоеная захаваньнем лягістыкі праз наступ Украіны ў Курскай вобласьці
  • У Курскай вобласьці Расеі з 6 жніўня пасьля заходу ўкраінскіх вайскоўцаў на яе тэрыторыю працягваюцца баявыя дзеяньні. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню ўвялі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
  • 13 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 74 населеныя пункты ў Курскай вобласьці Расеі. Такія лічбы яму назваў галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі.
  • Выканаўца абавязкаў губэрнатара Курскай вобласьці Аляксей Сьмірноў 12 жніўня падчас дакладу Пуціну казаў, што УСУ захапілі 28 паселішчаў рэгіёну.
  • Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, мяркуюць, што на 11 жніўня ўкраінскія сілы дзейнічалі ў 29 паселішчах Курскай вобласьці або паблізу іх, і ў 40 паселішчах — на 12 жніўня.
    • Вайна Расеі супраць Украіны

      • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
      • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
      • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
      • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
      • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
      • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
      • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
      • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
      • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
      • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
      • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
      • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
      • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
      • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
      • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.