МЗС Беларусі назвала карыснай для эканомікі забарону эўрапейскага «сэканд-хэнду»

Шыльда адной з крамаў ужыванага адзеньня, Менск, архіўнае фота

Раней праз эўрапейскія санкцыі ў Беларусь перасталі пастаўляць ужыванае адзеньне.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі скрытыкавалі рашэньне Эўрапейскага зьвязу забараніць пастаўкі ў Беларусь ужыванага адзеньня.

«Гэты крок зьяўляецца чарговым пацьверджаньнем таго, што Эўразьвяз абсалютна не прытрымліваецца лёгікі гуманнасьці ў пытаньнях увядзеньня санкцый, прымяняе абмежаваньні на сацыяльна-значныя тавары, якія карыстаюцца попытам, у тым ліку, у малазабясьпечаных грамадзян», — сказаў у камэнтары БелТА прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Як піша дзяржаўнае агенцтва, да гэтага часу доля тавараў «second hand» у агульным аб’ёме спажываньня адзеньня складала каля 35%. Ураздроб іх прадавалі каля 2,8 тыс. гандлёвых аб’ектаў, у тым ліку інтэрнэт-крамы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладальнікаў сеткі сэканд-хэндаў «МодаМакс» абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў і падтрымцы пратэстаў

Паводле зьвестак Белстату, штогод у Беларусь увозіцца ўжыванае адзеньне на суму каля $60–80 млн. Прадаецца — на суму да $70 млн, астатняе ідзе на рээкспарт.

Глаз сказаў, што забарона, наадварот, згуляе на карысьць Рэспублікі Беларусь, бо людзі будуць уратаваныя ад «шкодных рэчываў», якія нібыта знаходзяцца ў такім адзеньні. Таксама ён упэўнены, што забарона паспрыяе разьвіцьцю адпаведнай галіны ў Беларусі.

«Эўразьвяз, прымаючы такое рашэньне, не ўлічыў таго факту, што ў Беларусі добра разьвітая галіна ўласнай лёгкай прамысловасьці, тавары якой не саступаюць усясьветным аналягам у якасьці, маюць усе неабходныя сэртыфікаты бясьпекі, а таксама рэалізуюцца па даступных цэнах», — падкрэсьліў прэс-сакратар МЗС. Акрамя таго, тавары можна імпартаваць з «дружалюбных» Беларусі краін.

Варта адзначыць, што ўлады ў Беларусі некалькі разоў паказальна спрабавалі змагацца з ужываным адзеньнем з ЗША і Эўропы, гаворачы пра яго нізкую якасьць, шкоднасьць і хцівасьць яго прадаўцоў, якія на мытні нібыта рэгіструюць адзеньне як ужыванае, а ўнутры краіны прадаюць як новае ад папулярных марак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беллегпрам» абураны, што ў Беларусь трапляе новае імпартнае адзеньне пад выглядам ужыванага