Латвійская служба фінансавай выведкі назвала ўмовы, пры якіх могуць зрабіць выключэньне з забароны на ўезд у Эўразьвяз зарэгістраваных у Беларусі транспартных сродкаў і прапусьціць такі аўтамабіль празь мяжу.
Кампэтэнтныя органы могуць дазволіць уезд у Эўразьвяз аўтамабіля зь беларускімі нумарамі, калі ён не прызначаны для продажу, а толькі для асабістага карыстаньня, і належыць:
- грамадзяніну дзяржавы-чальца Эўразьвязу або чальцу ягонай сям'і, які зьяўляецца рэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь і ўяжджае ў Эўразьвяз на гэтым аўтамабілі,
- грамадзяніну Беларусі, які мае дзейную візу або дазвол на жыхарства, які дазваляе ўезд у Эўразьвяз.
Пры гэтым чалавек павінен валодаць аўтамабілем і непасрэдна кіраваць ім.
Канчатковае рашэньне ў кожным канкрэтным выпадку застаецца за Службай фінансавай выведкі Латвіі. Яна мае права дазволіць уезд, але не абавязаная гэта рабіць.
Для дазволу ўезду ў Латвію на сваім аўтамабілі грамадзянін Беларусі павінен падаць наступныя дакумэнты:
- заяву на ўвоз транспартнага сродку ў Латвію,
- копію пашпарту,
- копію пасьведчаньня аб рэгістрацыі транспартнага сродку,
- копію арыгіналу дзейнай візы або дазволу на жыхарства.
Усе дакумэнты падаюцца на дзяржаўнай латыскай мове. Выключэньне складаюць копіі дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу, і пасьведчаньні аб рэгістрацыі транспартнага сродку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускія ўлады толькі парадаваліся». Па кім ударыць забарона на праезд у ЭЗ машын зь беларускімі нумарамі