У Нямеччыне выдалі ордэр на арышт украінца за падрыў «Паўночных патокаў»

Газ, які выходзіць з узарваных «Паўночных патокаў», верасень 2022 году

Суд у Нямеччыне выдаў першы ордэр на арышт у справе аб падрыве газаправодаў «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2». Падазраваны — грамадзянін Украіны Уладзімір З. (Wolodymyr Z.), высьветлілі нямецкія выданьні ARD, Süddeutsche Zeitung і Die Zeit, піша Руская служба Радыё Свабода.

Паводле іх зьвестак, Уладзімір З. апошнім часам жыў непадалёк ад Варшавы, у чэрвені нямецкія пракуроры папрасілі польскія ўлады арыштаваць яго на падставе ордэру. Польшча павінна была зрабіць гэта цягам 60 дзён, але не зрабіла. Падазраваны ўцёк —цяпер яго месцазнаходжаньне невядомае. Журналістам ён заявіў, што не датычны да падрыву «Паўночных патокаў».

Акрамя яго, у справе праходзяць яшчэ двое падазраваных — сужэнцы Сьвятлана У. і Яўген У., якія, як сьцьвярджаецца, кіруюць школай дайвінгу ва Ўкраіне, а Ўладзімір З. быў у ёй інструктарам.

Сьвятлана У. сказала журналістам, што з Уладзімірам З. не знаёмая, пра атаку на «Паўночныя патокі» нічога ня ведае і ўвогуле была тады ў Баўгарыі. Яе муж пагадзіўся адказваць на пытаньні толькі ў пісьмовым выглядзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: WP: падрывы «Паўночных патокаў» каардынаваў украінскі афіцэр — той самы, які у 2020 заманіў «вагнэраўцаў» у Беларусь

Паводле інфармацыі нямецкіх СМІ, у верасьні 2022 году трое падазраваных падарожнічалі па Балтыйскім моры на нямецкай яхце «Андрамэда» і прымацавалі выбухоўку да газаправодаў, якія праходзяць па дне Балтыйскага мора з Расеі. У выніку выбухаў былі пашкоджаныя тры з чатырох нітак «Паўночных патокаў», што прывяло да выкіду 14,6 мільёна тон CO2e+. Амаль столькі ж выкідае ўся Эстонія за год.

Нямецкая пракуратура не знайшла сувязяў падазраваных зь дзяржаўнымі структурамі Ўкраіны. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і кіраўнік украінскай вайсковай выведкі Кірыл Буданаў адмаўлялі дачыненьне ўкраінскіх уладаў да выбухаў.

На пачатку 2024 году Данія і Швэцыя, у чыіх эканамічных зонах адбыўся падрыў газаправодаў, спынілі свае расьсьледаваньні здарэньня.

Расея ў расьсьледаваньні ня ўдзельнічае. Масква ўскладае адказнасьць за тое, што здарылася, на ЗША, Вялікую Брытанію і Ўкраіну. Тыя сваё дачыненьне адмаўляюць. «Паўночныя патокі» аднаўленьню не падлягаюць.