Падчас выкананьня баявых задач загінуў баец палку Кастуся Каліноўсага, грамадзянін Польшчы Пшэмыслаў «Кордыян» Расевіч. Пра гэта 14 жніўня паведаміў тэлеграм-канал палку Каліноўскага.
У паведамленьні адзначаецца, што Пшэмыслаў Расевіч меў беларускія карані, «таму не выпадкова абраў на пачатку сваёй службы ва Ўкраіне полк Каліноўскага».
«Ён валодаў беларускай мовай і цікавіўся беларускай гісторыяй і культурай, лічыў Беларусь сваёй другой бацькаўшчынай», — адзначылі ў палку.
Таксама ў паведамленьні гаворыцца, што Пшэмыслаў «Кордыян» Расевіч «пасьпеў прайсьці немалы баявы шлях і ўсяляк намагаўся дапамагаць беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне».
Як паведамляе Hrodna.Life, у 2018−2019 гадах Пшэмыслаў жыў у Горадні, год быў валянтэрам у адной з грамадзкіх арганізацыяў у межах міжнароднай праграмы абмену «Эўрапейскі корпус салідарнасьці». Дапамагаў весьці заняткі па польскай мове, ладзіць іншыя імпрэзы. Таксама ён праводзіў бясплатныя экскурсіі па горадзе на польскай і ангельскай мовах — Free walking tour.
Знаёмыя з Пшэмыславам узгадваюць яго па-рознаму. «Быў спакойным і ветлівым, негаваркім», — расказаў выданьню адзін з гарадзенцаў, які працаваў зь ім у той час.
Пасьля валянтэрства ў Горадні Пшэмыслаў пераехаў у Берасьце. «Менавіта там яго цікаўнасьць да беларускага раскрылася найбольш ярка», — адзначае гарадзенец.
- Полк імя Кастуся Каліноўскага быў створаны ва Ўкраіне ўвесну 2022 году зь беларускіх добраахвотнікаў. На сёньня гэта самае буйное беларускае фармаваньне там. Пасьля палку Каліноўскага зьявілася яшчэ некалькі вайсковых адзінак, складзеных зь беларусаў, якія ваююць на баку Кіева.
- Пэрыядычна ў СМІ трапляюць зьвесткі пра гібель беларускіх добраахвотнікаў на фронце. На сёньня вядома ўжо сама меней пра 63 такія выпадкі. Імёны большасьці загінулых ва Ўкраіне беларусаў не раскрываюцца. Па словах прадстаўнікоў беларускіх фармаваньняў, гэта робіцца дзеля бясьпекі родных, якія застаюцца ў Беларусі.