Упраўленьне капітальнага будаўніцтва Полацку шукае падрадчыка, каб зьнесьці недабудаваны палац гульнявых відаў спорту ў мікрараёне Аэрапорт, пішуць «Народныя навіны Віцебску».
Пра пляны збудаваць у старажытнай сталіцы Беларусі палац гульнявых відаў спорту зь лядовай арэнай у ім заяўлялася яшчэ ў 2008 годзе. Арэну плянавалі ўзьвесьці ў новым мікрараёне Аэрапорт, але так і ня здолелі ажыцьцявіць задуманае.
На знос даўгабуду бюджэт Полацкага раёну гатовы вылучыць 471 411 рублёў 2 капейкі.
Знос ад патэнцыйнага падрадчыка запатрабуюць завяршыць да 12 лістапада.
У Беларусі каля 50 лядовых арэн. Многія зь іх, як неаднаразова адзначалася, ня толькі не даюць прыбытку, але, наадварот, прыносяць мясцовым бюджэтам вялікія страты.
У некаторых гарадах будоўля працягвалася значна больш за праектны тэрмін, напрыклад у Воршы, Івацэвічах, Шклове, Мазыры. Ня ўсе аб'екты ўдалося дабудаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палацавы пераварот». Навошта Беларусі нерэнтабэльныя лядовыя арэны