Перад судом паўстануць дырэктар ДБУ-17 ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 2 г. Гомля» Дзьмітры Лазарэнка і намесьнік генэральнага дырэктара ў будаўніцтве РУП «Гомельаўтадар» Сяргей Канакоў. Абодва фігуранты шмат гадоў працавалі на кіроўных пасадах у гэтай галіне, піша «Флагшток».
Абвінавачаньне гомельскім дарожнікам выстаўлена паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 424 ч. 3 «Злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі», 427 ч. 1 «Службовая падробка» і 430 ч. 2 «Атрыманьне хабару». Максымальнае пакараньне — да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
Падставай для завядзеньня справы паслужылі шматлікія аварыі на ўчастку трасы М-10 паміж Гомлем і Рэчыцай. Пракуратура паведаміла, што «падставай для праверкі сталі крытычныя выказваньні грамадзян у сетцы Інтэрнэт наконт шматлікіх ямінаў на дарожным палатне, у сувязі зь імі адбылося больш за 26 ДТЗ з мэханічнымі пашкоджаньнямі колаў транспартных сродкаў».
Як раней тлумачыла «Флагштоку» крыніца, знаёмая з ходам рамонту аўтатрасы, службовыя асобы дарожна-будаўнічых арганізацыяў аказаліся закладнікамі сыстэмы, якая склалася ў галіне:
«Кіраўніцтва падставілі. Грошы вылучылі перад пачаткам зімы — але асвоіць іх трэба было ўжо да канца 2023 году. Што пасьпелі, тое выканалі — зрабілі фрэзэраваньне, але ў актах прыйшлося паказаць і кладку асфальту. Разумелася, што фізычна працы будуць выкананыя ўвесну, калі надыдзе спрыяльнае надвор’е і будзе запушчаны асфальтавы завод».
Пакуль невядома, каму з двух фігурантаў выставілі абвінавачаньні ў хабарніцтве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 21 тысяча квадратных мэтраў ямаў. Пра стан дарог у Беларусі — ад кіроўцы і высокіх чыноўнікаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў сакавіку даў загад адрамантаваць усе дарогі да 9 траўня. Як улады на месцах выконваюць яго даручэньне