Паводле зьвестак сьледзтва, 32-гадовы мянчук актыўна разьвіваў сваю блогерскую дзейнасьць у Telegram і TikTok. Ён здымаў відэа пра розныя прадуктовыя крамы, у якіх паказваў, «як супрацоўнікі гандлю нядобрасумленна ставяцца да сваёй працы», гаворыцца ў прэс-рэлізе СК. Блогер шукаў пратэрмінаваныя тавары, парушаную цэласнасьць пакаваньня прадуктаў і іншае.
Для здымкі чарговага сюжэту ён прыйшоў у прадуктовую краму адной вядомай сеткі і, паводле СК, «стаў паводзіць сябе абуральна»: прыцягваў залішнюю ўвагу наведнікаў, адцягваў супрацоўнікаў ад працы. Калі да блогера падышла 40-гадовая супрацоўніца крамы, той пачаў здымаць дыялёг зь ёй на відэа. Супрацоўніца заявіла, што не дае згоды на відэаздымкі і публікацыю відэа зь яе ўдзелам у сеціве, аднак блогер працягваў здымаць відэа і расказваць, як у краме «парушаюць законныя правы грамадзян», а пасьля апублікаваў яго ў сацсетках.
Акрамя гэтага блогер, паводле СК, «разьмясьціў пэрсанальныя зьвесткі і фота» супрацоўніцы крамы, яшчэ раз наведаў краму, падчас чаго здымаў усё на відэа і задаваў непрыемныя пытаньні той самай супрацоўніцы. Гэты ролік набыў папулярнасьць і, ў выніку «жанчына сутыкнулася з абразамі ад незнаёмых мінакоў», а яе 11-гадовая дачка «зазнала булінг у школе ад сваіх аднагодкаў», гаворыцца ў паведамленьні СК.
Супрацоўніца крамы зьвярнулася ў міліцыю.
Па выніках расьсьледаваньня дзеяньні блогера кваліфікавалі паводле ч.3 арт. 2031 Крымінальнага кодэксу (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестак, учыненыя ў адносінах да асобы ў сувязі з ажыцьцяўленнем ім службовай дзейнасьці). Цяпер крымінальная справа знаходзіцца ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.
У дачыненьні да блогера прымянілі меру стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе і належных паводзінах. Сьледчыя кафіскавалі мабільны тэлефон блогера.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Укладаюць чужыя каштоўнасьці ў неакрэплыя розумы». Мінінфарму даручылі заняцца блогерамі