Даклад падрыхтавалі праваабарончая арганізацыя Human Constanta сумесна з польскім фондам Ocalenie, літоўскай Sienos Grupe і латвійскай Gribu palīdzēt bēgļiem, піша «Позірк».
Паводле іх зьвестак, зь лета 2021 па сакавік 2024 году афіцыйна пацьверджаныя сьмерці 116 чалавек на межах Беларусі з краінамі ЭЗ: зь іх 100 выпадкаў афіцыйна пацьверджаныя ўладамі, яшчэ 16 — выпадкі, па якіх у актывістаў ёсьць дакладная інфармацыя. Акрамя гэтага, сьведкі расказалі праваабаронцам яшчэ пра сама меней 26 выпадкаў сьмерцяў на мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй.
Таксама падчас прэзэнтацыі праваабаронцы заявілі, што пасьля сакавіка 2024 году зьявілася інфармацыя пра гібель яшчэ сама меней 9 чалавек.
Загінулыя былі грамадзянамі Іраку, Афганістану, Гвінэі, Эгіпту, Індыі, Нігерыі, Сырыі, Самалі, Пакістану, Турэччыны і іншых краін. Праваабаронцы вызначылі імёны 31 загінулага мігранта.
Непасрэдна на тэрыторыі Беларусі на канец сакавіка 2024 году памерлі сама меней 47 чалавек.
У статыстыку ўключаныя іншаземцы, якія загінулі ня толькі пры пераходзе мяжы, але і пасьля гэтага. У прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што за названы пэрыяд сама меней 5 чалавек загінулі ў выніку аварый на тэрыторыі Эўразьвязу ў працэсе арганізаванай за імі пагоні. Апроч гэтага, фіксаваліся сьмерці мігрантаў у шпіталях.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, найчасьцей да сьмерцяў мігрантаў на мяжы прыводзіла пераахаладжэньне, недахоп вады і ежы, траўмы — сярод іншага, выкліканыя ўкусамі службовых сабак. Таксама ў дакладзе гаворыцца пра пашкоджаньні і пераломы канцавінаў, у адным выпадку — хрыбетніка. Сама меней 11 мігрантаў патанулі пры спробах пераплываць прымежныя рэкі. Паводле зьвестак Human Constanta, пацярпелым мігрантам своечасова не аказвалі мэдычную дапамогу, былі выпадкі, калі памежнікі краін ЭЗ забіралі ў мігрантаў тэлефоны, і праз гэта атрымаць дапамогу рабілася цяжэй.
Згодна з дакладам, 90% нелегальных мігрантаў прыбывае ў Беларусь праз Расею. Гэтыя людзі першапачаткова знаходзяцца ва ўразьлівым становішчы, бо ня маюць беларускай візы, зазначаюць праваабаронцы. Таксама ў іх няма мэдычнай страхоўкі, у выніку імі «лёгка маніпуляваць». «Знаходзячыся <...> у бяспраўным становішчы», яны ідуць на мяжу з ЭЗ і рызыкуюць жыцьцём, спрабуючы яе перайсьці, гаворыцца ў дакумэнце.
Human Constanta адзначае, што зь лета 2021 году Польшча, Літва і Латвія выкарыстоўваюць у дачыненьні да нелегальных мігрантаў практыку «выштурхоўваньня» назад на беларускую тэрыторыю, што, як заяўляецца, супярэчыць «праву ЭЗ і міжнароднаму праву». Мігранты, паводле праваабаронцаў, аказваюцца ў сытуацыі, калі з ЭЗ іх выцясьняюць, а ў Беларусі яны асьцерагаюцца дзеяньняў уладаў і памежнікаў. Human Constanta вядомыя факты, калі замежнікі баяліся вяртацца ў Беларусь, бо мясцовыя сілавікі пагражалі ім гвалтам, таму зноў штурмавалі мяжу.
Мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады Польшчы і краін Балтыі называюць гэта «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
З пачатку 2024 году па 10 жніўня Польшча, Літва і Латвія спынілі 26 193 спробаў мігрантаў нелегальна трапіць у Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі — гэта на 1,9% больш, чым за аналягічны леташні пэрыяд (25 709). Зь іх 22 059 спробаў за гэты пэрыяд спыніла Польшча (+18,6% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась — 18 606), Латвія — 3760 спробаў ( у 1,5 раза менш, чым летась — 5569), Літва — 374 (у 4,1 раза менш, чым летась — 1534), сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз штодзённых зьвестак памежных службаў гэтых краінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генадзь Коршунаў: мігранцкі крызіс далёкі ад свайго завяршэньня