У Інстытуце вывучэньня вайны ўдакладнілі межы тэрыторыі, якую ў Курскай вобласьці Расеі кантралюе Ўкраіна

Дом, разбураны пры абстрэле гораду Суджа Курскай вобласьці Расеі. 6 жніўня 2024 году

У ISW нагадалі, што расейскія войскі ў студзені-ліпені 2024 году занялі дадатковыя 1 175 квадратных кілямэтраў украінскай тэрыторыі.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што ўкраінскае войска кантралюе 29 паселішчаў у Курскай вобласьці Расеі.

«ISW прааналізаваў заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, якія паказваюць, што на 11 жніўня ўкраінскія сілы дзейнічалі ў 29 паселішчах Курскай вобласьці або паблізу іх і ў 40 паселішчах на 12 жніўня», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту за 12 жніўня.

Напярэдадні кіраўнік Курскай вобласьці Аляксей Сьмірноў заявіў, што ўкраінскія войскі захапілі 28 паселішчаў рэгіёну і прасунуліся прыкладна на 12 кілямэтраў углыб яго на 40-кілямэтровым фронце.

Прааналізаваўшы заявы і відэазапісы, экспэрты ISW прыйшлі да высновы, што ўкраінскія сілы на 12 жніўня прасунуліся на тэрыторыі 800 квадратных кілямэтраў. У той жа час экспэрты, як і раней, сьцьвярджаюць, што ўкраінскія сілы кантралююць ня ўсю тэрыторыю ў межах заяўленага ўкраінскага прасоўваньня.

У ISW нагадалі, што расейскія войскі ў студзені–ліпені 2024 году занялі дадатковыя 1175 квадратных кілямэтраў украінскай тэрыторыі, разам з часткай тэрыторыі на поўначы Харкаўскай вобласьці.

12 жніўня галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі заявіў, што ўкраінскія сілы кантралююць каля 1000 квадратных кілямэтраў тэрыторыі Расеі.

  • У Курскай вобласьці Расеі з 6 жніўня пасьля заходу ўкраінскіх вайскоўцаў на яе тэрыторыю працягваюцца баявыя дзеяньні. З 7 жніўня ў вобласьці аб’явілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых памежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі.
  • Расейскія войскі, каб стрымаць украінскую апэрацыю ў Курскай вобласьці, узмацнілі агнявы ціск на сумежную Сумскую вобласьць. Украінскія ўлады штодзень паведамляюць аб ракетна-авіяцыйных ударах Расеі, у выніку якіх гінуць цывільныя грамадзяне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна кантралюе каля 1000 кв. км тэрыторыі РФ. Зяленскі ўпершыню наўпрост заявіў пра апэрацыю ў Курскай вобласьці