Аляксандар Лукашэнка правёў кадравыя ратацыі ў складзе ўраду і вэртыкалі ўлады.
Як адзначаецца на ягоным сайце, Пётра Пархомчык, які з жніўня 2022 году працаваў віцэ-прэм’ер-міністрам, прызначаны старшынём Берасьцейскага аблвыканкаму.
«Варта разумець, што адна справа — віцэ-прэм’ер. Іншая — самастойная праца ў Берасьцейскім аблвыканкаме. Гэта адказнасьць за вобласьць. Старшыні аблвыканкамаў — цэнтральныя асобы ў органах улады ў Беларусі. Гэта варта таксама разумець», — сказаў Аляксандар Лукашэнка пры прызначэньні Пятра Пархомчыка.
Разам з тым Лукашэнка таксама папрасіў ужо колішняга віцэ-прэм’ера «ўвесьці ў курс справы» Віктара Каранкевіча, якога ён прызначыў на пасаду Пархомчыка.
Віктар Каранкевіч, які з 31 жніўня 2018 году працаваў міністрам энэргетыкі, цяпер будзе намесьнікам прэм’ер-міністра Беларусі.
Новым міністрам энэргетыкі стаў Аляксей Кушнарэнка, які ўзначальваў дзяржаўны кацэрн «Белтопгаз» і працаваў у Савеце Рэспублікі апошнія два скліканьні.
Новым начальнікам Беларускай чыгункі стаў Валеры Вярэніч. Да гэтага прызначэньня ён працаваў начальнікам Баранавіцкага аддзяленьня Беларускай чыгункі.
Лукашэнка прызначыў Ігара Маршалава надзвычайным і паўнамоцным паслом Беларусі ў Рэспубліцы Ангола і Рэспубліцы Замбія (па сумяшчальніцтве), а таксама Міхаіла Каська — паслом Беларусі ў Банглядэш, Нэпале і Шры-Лянцы (па сумяшчальніцтве).
Апроч таго, адбыліся кадравыя прызначэньні ў шэрагу райвыканкамаў.