У Кіеўскай вобласьці ад ракетнага абстрэлу Расеі загінулі мужчына і яго 4-гадовы сын, ёсьць параненыя

Наступствы ракетнай атакі ў Броварскім раёне Кіеўскай вобласьці, 11 жніўня 2024 году

У ноч на 11 жніўня падчас расейскага ўдару па Броварскім раёне Кіеўскай вобласьці аскепкі ракет упалі на прыватныя жылыя дамы, гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый Украіны.

Ратавальнікі паведамляюць, што ў выніку нападу «цяжка параненыя тры чалавекі», сярод іх 13-гадовае дзіця.

«Яшчэ двое — 35-гадовы мужчына і ягоны 4-гадовы сын — апынуліся пад заваламі будынка. На жаль, у ходзе пошукава-выратавальных працаў іх знайшлі загінулымі», — паведамілі ў ДСНС.

У ноч на 11 жніўня Расея атакавала Ўкраіну балістычнымі ракетамі і групамі ўдарных бесьпілётнікаў. Выбухі прагрымелі ў Кіеве, у Палтаўскай грамадзе, у Хмяльніцкай вобласьці і ў Белай Царкве Кіеўскай вобласьці, дзе працавалі сілы СПА.

Як удакладніў камандуючы Паветранымі сіламі УСУ Мікалай Аляшчук, у ноч на 11 жніўня Расея атакавала Украіну чатырма балістычнымі ракетамі KN-23 і 57 «Шахедамі». Сілам СПА ўдалося зьнішчыць 53 дроны.

  • Расейскія войскі кожны дзень рэгулярна атакуюць рэгіёны Украіны з дапамогай дронаў. Часьцей за ўсё пра скідваньне выбухоўкі з расейскіх дронаў на мірных жыхароў паведамляюць улады Херсонскай, Сумскай, Чарнігаўскай і Харкаўскай абласьцей.
  • Маніторынгавая місія ААН па правах чалавека заявіла, што з 24 лютага 2022 да канца чэрвеня 2024 году ад ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне пацярпелі ня менш за 33 878 мірных жыхароў. У прыватнасьці, ААН пацьвердзіла зьвесткі аб гібелі 11 284 чалавек. Арганізацыя падкрэсьлівае, што рэальная колькасьць ахвяраў можа быць большай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выніку расейскіх абстрэлаў загінулі мірныя жыхары ў чатырох абласьцях Украіны