Канаістка Юлія Трушкіна 10 жніўня на дыстанцыі 200 мэтраў у веславаньні на каноэ была другой сярод васьмі ўдзельніц, паказаўшы час 45,32 сэкунды.
Уладзіслаў Кравец у паўфінале спаборніцтваў на дыстанцыі 1000 мэтраў сярод байдарак-адзіночак супернічаў зь сямю весьлярамі. Ён фінішаваў з чацьвёртым вынікам і выйшаў у фінал, паказаўшы час 1 хвіліна 41,67 сэкунды.
У фінальным заезьдзе на дыстанцыі 1000 мэтраў Ўладзіслаў Кравец заняў чацьвёртае месца, паказаўшы вынік 3 хвіліны 28,10 сэкунды. Ад бронзы Ўладзіслава аддзялілі больш за дзьве сэкунды. Золата выйграў чэх Ёзаф Достал.
Таксама 10 жніўня на Алімпійскіх гульнях выступіць беларускі цяжкаатлет Яўген Ціханцоў. 9 жніўня беларуская цяжкаатлетка Сюзана Валадзько ў фінале заняла 4-е месца і спынілася ў кроку ад мэдаля.
Прадстаўнік Беларусі Магамедхабіб Кадзімагамедаў 10 жніўня саступіў альбанцу Чэрмену Валіеву у суцяшальным турніры па вольнай барацьбе, пазбавіўся шанцаў на бронзавы мэдаль і завяршыў свой выступ на Алімпійскіх гульнях.
На сёлетніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы беларускія атлеты пакуль заваявалі тры мэдалі: золата і срэбра — у батутыстаў Івана Літвіновіча і Віялеты Бардзілоўскай, срэбраны мэдаль — у весьляра Яўгена Залатога.
Беларускія спартоўцы на Алімпіядзе ў Парыжы
Зь Беларусі на гэтых Алімпійскіх гульнях выступаюць 17 спартоўцаў:
- Роварны спорт: Ганна Церах.
- Скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская.
- Цяжкая атлетыка: Сюзанна Валадзько, Яўген Ціханцоў.
- Барацьба: Абубакар Хаслаханаў, Магамедхабіб Кадзімагамедаў
- Стральба: Дар’я Чупрыс, Аляксандра Пятрова.
- Веславаньне: Яўген Залаты, Тацяна Клімовіч.
- Каноэ: Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна.
- Плаваньне: Ільля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушка.
- Тэквандо: Георгі Гурцыеў.
Беларускія спартоўцы выступаюць у нэўтральным статусе. Абмежавальныя меры ўведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 году працягвае Расея ва Ўкраіне з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі.