Згодна са здымкамі, шэраг памяшканьняў аэрадрому, якія маглі выкарыстоўвацца ў якасьці складоў, цалкам зьнішчаныя, а ў раёне, імаверна, адбыўся маштабны пажар. На зямлі таксама бачныя два кратэры, якія могуць быць вынікам трапленьня ракетаў або беспілётнікаў, якія выкарыстоўваюцца Ўзброенымі сіламі Ўкраіны (УСУ) для нанясеньня ўдараў.
Як паведамляе Генштаб Украіны, у ноч з 8 на 9 жніўня ўкраінскія вайскоўцы нанесьлі ўдары па расейскіх складах зь кіраванымі бомбамі (КАБ) і па шэрагу іншых аб’ектаў у раёне Ліпецкага аэрапорта. У прыватнасьці, зьнішчаная адна радыёлякацыйная станцыя зэнітнага ракетнага комплексу С-350, паведамілі ў генштабе. У ведамстве таксама адзначылі, што ў ваеннай апэрацыі ўдзельнічалі падразьдзяленьні ракетных войскаў, сілаў спэцыяльных апэрацый, Службы бясьпекі Украіны і сілаў беспілётных сыстэмаў УСУ.
Раніцай інфармаваная крыніца Радыё Свабода ў сілавых структурах Украіны паведаміла, што на аэрадроме «Ліпецк» знаходзіцца некалькі дзясяткаў зьнішчальнікаў, верталётаў і складоў, дзе захоўваецца больш за 700 КАБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі пад Ліпецкам эвакууюць некалькі паселішчаў пасьля атакі бесьпілётнікаў на вайсковы аэрадромРаней 9 жніўня прадстаўнікі ўладаў Ліпецкай вобласьці РФ заявілі пра атаку бесьпілётнікамі, а Мінабароны Расеі заявіла аб зьбіцьці 19-ці з іх.
Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Астра», пасьля атакі беспілётніка на аэрадроме пад Ліпецкам загарэўся склад з боепрыпасамі. У абласным упраўленьні МНС пацьвердзілі пажар на ваенным аэрадроме.
Чатыры населеныя пункты, разьмешчаныя побач з аэрадромам, былі эвакуаваныя.