Дэпутат парлямэнту зямлі Саксонія ад праварадыкальнай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) Ёрг Дорнаў некалькі разоў наведаваў Беларусь і прыхаваў свой удзел у беларускай ТАА «Цыбулька Бел».
Як паведаміла выданьне welt.de, дэпутат парушыў патрабаваньне раскрыцьця інфармацыі, бо не паведаміў у сваёй дэклярацыі пра бізнэс у Беларусі.
Яго аштрафавалі на 20 862 эўра.
«Ніхто ня можа проста паехаць у дыктатуру Беларусі і стварыць там фэрму, тым больш ніхто зь Нямеччыны», — патлумачыў лідэр фракцыі левых Рыка Гэбхардт. Паводле яго, гэта патрабуе кантактаў і шматлікіх першапачатковых абмеркаваньняў, а таксама палітычнай блізкасьці да мясцовай дыктатуры.
Паводле выданьня, Ёрг Дорнаў «некалькі разоў сустракаўся з прыхільнікамі беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, аднак прыхаваў інфармацыю пра гэта».
«Паводзіны Дорнаў сьведчаць, што ён прасоўвае інтарэсы менскага рэжыму ў гэтай краіне ў абмен на добрае стаўленьне да яго як да прадпрымальніка. У гэтым выпадку мусіць адрэагаваць пракуратура: Крымінальны кодэкс прадугледжвае працяглыя тэрміны пазбаўленьня волі за карупцыю і хабарніцтва выбарных службовых асобаў», — адзначае выданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Cьляды паставак люксавых аўтамабіляў з Украіны ў Расею вядуць у Беларусь. Расьсьледаваньне БРЦ і «Схемаў»