Кіраўнік расьсьледніцкага праекту Bellingcat Хрыста Грозеў у тэлевізійнай гутарцы з Deutsche Welle паразважаў, чаму пад абмен паміж Расеяй і Захадам ня трапілі беларускія палітвязьні.
Але, на думку Хрыста Грозева, абмен з удзелам беларускіх палітвязьняў яшчэ можа адбыцца:
«Вядома, тут узьнікаюць пытаньні, а што зь беларускімі палітвязьнямі, а што з этнічнымі чачэнцамі, якія знаходзяцца ў турме ў Расеі. Трэба было ўключыць у сьпісы і чачэнскіх актывістаў, бо ахвярай Красікава быў прадстаўнік грузіна-чачэнскай дыяспары. Шмат было зроблена не ідэальна, але цяпер ужо ёсьць у Эўропе арыштаваныя беларускія КДБ-шнікі, бо яны выконвалі замовы па тэрарызьме з Крамля. І такіх будзе яшчэ больш, бо Крэмль выкарыстоўвае беларускія спэцслужбы як інструмэнт, як пасярэднікаў, каб не пакідаць сьлядоў. Я думаю, што менавіта гэтыя арыштаваныя павінны быць абмененыя на беларускіх палітвязьняў», — сказаў Хрыста Грозеў.
Адносна ж таго, чаму ў абмене, які ўжо адбыўся, не было беларускіх палітвязьняў, Хрыста Грозеў выказаў наступнае меркаваньне:
«Спрабавалі дамагчыся таго, што магчыма, а не стварыць нейкі ідэальны сьпіс па беларускай тэме. Мне відавочна, чаму гэта адбылося. Таму што арышт і сьмяротны прысуд (Рыка Крыгеру. — РС) быў створаны практычна на замову Крамля як частка канчатковага націску на Нямеччыну, каб яна пагадзілася выдаць Красікава. Гэта значыць, гэта не было сувэрэннае рашэньне беларускага дыктатара, а гэта была паслуга, якую ён аказаў».
Хрыста Грозеў таксама дадаў, што Нямеччына, «хутчэй за ўсё, палічыла, што гэта адносіны паміж Расеяй і Нямеччынай».
Пра арышты афіцэраў КДБ Беларусі ў краінах Эўропы, у абмене якіх быў бы зацікаўлены рэжым у Менску, пакуль дакладнай інфармацыі няма.
- 1 жніўня Расея, ЗША і некалькі іншых краін правялі маштабны абмен вязьнямі, які стаў найбуйнейшым з часоў заканчэньня халоднай вайны. Усяго ў абмене ўдзельнічалі 24 чалавекі. Беларусь у рамках абмену вызваліла асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Краіна, якая засталася ўбаку». The New York Times пра абмен вязьнямі, які не закрануў палітзьняволеных Беларусі